У дакладзе Палецкіса ЕС прапануюць адмяніць візы для беларусаў

Камісія па замежных справах Еўрапарламента прыняла даклад еўрадэпутата Юстаса Палецкіса. У першапачатковай версіі дакумента былі заклікі да адмены візавых санкцый і заўважаныя паляпшэнні ў галіне правоў чалавека. Цяпер гэты пункт змяніўся на супрацьлеглы.

"Правак настолькі шмат, што дакумент замест 2,5 старонак зойме каля 10. Гэта ўжо калектыўная творчасць. 26 еўрапарламентароў унеслі 292 змены і ўдакладненні. Я сам прапанаваў 50 зменаў", — кажа Еўрарадыё аўтар даклада Юстас Палецкіс.

Даклад апублікуюць ужо праз колькі дзён, але Еўрарадыё даведалася, якія ж яшчэ важныя змены адбыліся.

Юстас Палецкіс: "Яшчэ ярчэй падкрэслена ідэя, што трэба адкрыць усе магчымасці для зносін людзей".

Гэта кантакты на самых розных узроўнях — узаемныя паездкі людзей розных прафесій, лепшыя ўмовы для зносін моладзі, павелічэнне стыпендый для навучання ў ЕС.

Таксама прапануецца ліквідаваць штучныя бар'еры, з-за якіх утвараюцца вялікія чэргі на мяжы; ліквідаваць візавыя праблемы. У першую чаргу прапануюць знізіць кошт на візы, а ў перспектыве — увесці бязвізавы рэжым.

Юстас Палецкіс: "Упершыню з боку ЕС раздаецца голас, што трэба ўвогуле скасаваць візы".

У дакладзе прапануецца ўцягваць дзяржаўных служачых, якія не былі заўважаныя ў рэпрэсіях, у зносіны з ЕС. Гэты пункт выклікаў найбольшыя спрэчкі, але быў прыняты.

Упершыню ў падобным дакладзе шмат параграфаў са статыстыкай і рознымі апытаннямі грамадскага меркавання, якія тлумачаць, чаму прапануюцца тыя ці іншыя меры. Было распрацавана каля 30 кампрамісных прапановаў, якія рыхтаваліся разам з ценявым дакладчыкам.

Юстас Палецкіс: "Ценявым дакладчыкам ад самай вялікай фракцыі Народных партый быў Яцэк Пратасевіч — цяперашні віцэ-прэзідэнт парламента, былы кіраўнік дэлегацыі ў адносінах з Беларуссю. Ён таксама вельмі добра ведае Беларусь і мы з ім знайшлі агульную мову".

Дэпутат Еўрапарламента Марэк Мігальскі дамогся, каб у даклад уключылі прозвішчы палітвязняў, якія афіцыйна прызнаныя ЕС. Перамовы па гэтым пытанні працягваліся да апошняй хвіліны перад пачаткам галасавання.

"Я вельмі рады, што дамовіўся на ўнясенне прозвішчаў палітычных зняволеных у гэту рэзалюцыю. Гэта надзвычай важна для іх сем'яў. Інфармацыя, што гэтая асоба ўзгадваецца ў структуры ЕС, дойдзе да начальнікаў турмаў. Тое, што час ад часу вязні згадваюцца ў парламенцкім дакладзе, робіць іх адносна бяспечнымі", — сказаў Марэк Мігальскі.

Іншым важным пытаннем было абавязаць беларускія ўлады адмяніць крымінальную адказнасць за атрыманне замежных грантаў НДА і ўтрыманне іх сродкаў на замежных рахунках. Гэтая папраўка таксама ўнесеная.

У дакладзе таксама змяшчаецца заклік да падтрымкі арганізацый, якія працуюць у галіне дэмакратыі і правоў чалавека — не толькі ў Беларусі, але і за яе межамі, таму што беларускія ўлады ўвесь час адмаўляюць у рэгістрацыі такіх арганізацый.

Юстас Палецкіс: "Да гэтага даклада мяне падштурхнула думка, якую выказаў у вузкім коле адзін са значных еўрапейскіх палітыкаў. Ён сказаў, што Беларусь ужо згублена для Еўропы. Калі я высунуў ідэю зрабіць рэзалюцыю па Беларусі не як рэакцыю на нейкія падзеі, а як стратэгію, я думаў, што місія невыканальная. Я сумняваўся, ці падтрымаюць мяне калегі ў галоўным: пры ўмове вызвалення палітзняволеных выйсці на дыялог".

У верасні, калі даклад прыме еўрапарламент, ён стане афіцыйным дакументам. І яго выканання можна будзе патрабаваць ад выканаўчай улады ЕС.

Фота: delfi

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі