"Міс Беларусь — 2018" пра ўдзел у выбарах: "У БРСМ прапанавалі паспрабаваць"

"Міс Беларусь — 2018"  пра ўдзел у выбарах: "У БРСМ прапанавалі паспрабаваць"

Па Кальварыйскай выбарчай акрузе № 104 у Палату прадстаўнікоў збіраецца балатавацца 22-гадовая "Міс Беларусь — 2018" Марыя Васілевіч. У інтэрв’ю TUT.by дзяўчына расказала пра свае палітычныя амбіцыі. 

“Палата прадстаўнікоў — гэта голас народа, які павінен адстойваць інтарэсы кожнага чалавека ў нашай краіне: усіх узростаў, сацыяльнага становішча, полу. Таму склад ніжняй палаты, на мой погляд, павінен быць разнастайным. Мне б вельмі хацелася, каб ініцыятывы і праблемы моладзі слухалі і чулі на самым высокім узроўні. Моладзь павінна быць прадстаўленая ў парламенце — вось маё меркаванне”, — кажа Марыя Васілевіч.

Па словах Марыі Васілевіч, да сваіх 22 гадоў яна ўжо мае “пэўны досвед, веды і жаданне” ўнесці свой уклад у развіццё Беларусі. Ідэю вылучыцца ў дэпутаты дзяўчыне падкінулі ў Беларускім рэспубліканскім саюзе моладзі, сябрам якога яна з’яўляецца:  

“На самай справе ў БРСМ прапанавалі мне выпрабаваць сябе. Шчыра прызнаюся, вельмі доўга я разважала над гэтай прапановай. Рашэнне далося мне няпроста, але яно было ўсвядомленым і абсалютна ўзважаным”.

На думку “кандыдаткі ў кандыдаты”, беларускі парламент мае вельмі значную вагу ў палітычным жыцці краіны і самастойна прымае рашэнні на ўсіх стадыях заканадаўчага працэсу: ад разгляду ініцыятыў і праблем і да ўхвалення законапраектаў.

“Міс Беларусь — 2018” Марыя Васілевіч скончыла факультэт менеджменту і эканомікі БДЭУ, удзельнічала ў беларускіх і міжнародных конкурсах прыгажосці, а зараз працуе сувядоўцай праграмы "Добрай раніцы, Беларусь!" на беларускім тэлебачанні. Дзяўчына вядомая тым, што рэгулярна суправаджае Аляксандра Лукашэнку: і кавуны разам з ім збірае, і бульбу капае, і хакей глядзіць, і проста пробач сядзіць на афіцыйных мерапрыемствах. 

На адным участку з прыгажуняй за дэпутацкае крэсла будуць змагацца грамадскі актывіст Максім Вінярскі і дырэктар Рэмаўтадара Фрунзенскага раёна Генадзь Насевіч.

 

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі