У Беластоку затрымалі фанатаў БАТЭ з кастэтамі і фаерамі

Шасцярых беларусаў затрымалі на футбольным стадыёне ў польскім Беластоку, у іх канфіскавалі небяспечныя прадметы і піратэхніку. Яшчэ 18 нецвярозых наведнікаў не пусцілі на спартовае мерапрыемства. Такім стаў вынік суботняга матчу паміж камандамі польскай экстралігі — мясцовай “Ягелоніяй” і “Пястам” з Глівіц.

Беларусы былі хацелі падтрымаць каманду гасцей. Яшчэ да пачатку матча служба парадку выклікала паліцыю, каб разабрацца з трыма аўтамабілямі з Беларусі, якія спрабавалі праехаць на стадыён без праверкі. Падчас дагляду ў беларусаў знайшлі 9 кастэтаў, нож, тэлескапічную палку, а таксама фаеры. У сувязі з гэтым шасцярых чалавек затрымалі і ўзялі пад арышт.

Ужо на наступны дзень маладых людзей абвінавацілі ў парушэнні польскага закону аб бяспецы масавых мерапрыемстваў, а ўчора ў паскораным рэжыме даставілі ў суд, які вынес рашэнне аб пазбаўленні волі на тры месяцы з адтэрміноўкай прысуду на два гады. Таксама беларускім гасцям на два гады забаранілі наведваць масавыя мерапрыемствы ў Польшчы, піша champ.by

Спартовы рэсурс таксама паведамляе, што “праблемнымі беларусамі” выявіліся фанаты барысаўскага БАТЭ. Прыхільнікі гэтай каманды даўно выказваюць сімпатыю польскаму “Пясту” і часта наведваюць яго матчы. Пра гэта сведчыць сайт belultras.by, які раней публікаваў справаздачы з падарожжаў беларускіх аматараў футбола. Такія вандроўкі таксама суправаджаліся непрыемнасцямі з паліцыяй.

Фота: champ.by, belultras.by

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі