У Беларусі зноў зніжаецца стаўка рэфінансавання — да 15%

У Беларусі зноў зніжаецца стаўка рэфінансавання — да 15%

У Беларусі зноў зніжаецца стаўка рэфінансавання — з 16% да 15%. Такое рашэнне прыняло праўленне Нацыянальнага банка. Зніжэнне адбудзецца 15 сакавіка. Як інфармуе прэс-служба Нацбанка, таксама было прынятае рашэнне аб зніжэнні ставак па пастаянна даступных і двухбаковых аперацыях па падтрымцы бягучай ліквіднасці банкаў — з 20% да 18% гадавых. З 11 да 10 працэнтаў гадавых зніжаюцца стаўкі па пастаянна даступных аперацыях выключэння ліквіднасці.

У паведамленні Нацбанка звяртаецца ўвага, што чарговае зніжэнне працэнтных ставак стала магчымым у сувязі з замаруджваннем інфляцыі. Таксама на прыняццё рашэння паўплывалі станоўчыя тэндэнцыі на валютным і дэпазітным рынках.

Як вядома, папярэдні раз стаўка рэфінансавання ў Беларусі была зніжаная з 15 лютага (з 17% да 16% гадавых). Тады старшы аналітык "Альпары" Вадзім Іосуб сказаў Еўрарадыё, што, паводле планаў Нацбанка, стаўка рэфінансавання да канца года можа знізіцца да 14 працэнтаў. Але Нацбанк будзе зніжаць стаўку, зважаючы на сітуацыю ў эканоміцы, і на пэўны час можа ўзяць паўзу.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі