У Беларусі здаць літы можна да 20 снежня, у Літве — неабмежаваны час

Першага студзеня 2015 года Літва пераходзіць на еўра. Цягам года жыхароў гэтай краіны адукоўвалі і рыхтавалі да такой значнай змены. Праводзілася моцная рэкламная кампанія: найлепшы эфірны час радыёстанцыяў і тэлебачання, газеты і інтэрнэт-парталы, вулічная рэклама, гандлёвыя цэнтры і нават грамадскі транспарт выкарыстоўваліся Мінфінам для распаўсюджання рэкламы новай грашовай адзінкі.

І, варта адзначыць, удала. Падтрымка агульнаеўрапейскай валюты ў іншых краінах, якія пераходзілі на еўра, звычайна моцна ўзрастала пасля ўвядзення валюты. У Літве ж падтрымка большасцю адбылася ўжо да ўступлення ў еўразону.

Паводле апытання, якое праводзілася Berent Research Baltic, больш чым палова (53%) насельніцтва краіны пазітыўна ставіцца да пераходу на новую грашовую адзінку.

Сярод сельскага насельніцтва станоўча ці хутчэй станоўча да пераходу на еўра ставіцца 52%, адмоўна ці хутчэй адмоўна — 36%, сярод гарадскога — 54% і 40% адпаведна.

Больш за тое, да 22 снежня “Літоўская пошта” мае намер адаслаць у хатнія гаспадаркі больш за 1,3 млн бясплатных інфармацыйных пакетаў, у кожным з якіх будзе змяшчацца практычная інфармацыя пра еўра і дзве трохмерныя карткі, на якіх будуць паказаныя пэўныя сумы ў літах і еўра.

Прадстаўніца гандлёвага цэнтра МАХІМА Рэната Саўлітэ кажа, што чакаць якога-кольвек значнага павышэння цэнаў у крамах гандлёвай сеткі не варта.

“Цяпер некаторыя пастаўшчыкі павышаюць цэны, некаторыя паніжаюць, але звязана гэта не з увядзеннем еўра, а з ураджайнасцю, напрыклад, ці іншымі фактарамі. Нашы крамы, як і іншыя, будуць адкрыта пераводзіць цэны з літаў у еўра, без ніякага павышэння. За гэтым працэсам сочаць дзяржаўныя інстытуты. Нам як гандлёвай сетцы не прынцыпова, з якой валютай працаваць. Адзінае толькі, што сам пераход прынясе шмат клопатаў. Так, напрыклад, першыя два тыдні мы мусім працаваць з дзвюма валютамі. Гэта ж трэба і касавыя апараты пераналаджваць, і касірак вучыць”.

Іншая балтыйская краіна, Латвія, ужо амаль год выкарыстоўвае адзіную еўрапейскую валюту. Яшчэ ў кастрычніку прэм’ер-міністр гэтай краіны Валдзіс Дамброўскіс адзначыў, што пераход Рыгі на еўра цалкам апраўдаў усе чаканні. “Тыя фактары, пра якія мы казалі да ўвядзення — што яны пазітыўна паўплываюць на эканамічнае развіццё дзякуючы нізкім працэнтным стаўкам, — пацвердзіліся. Фактычна, ужо ў першыя тыдні пасля пераходу на еўра працэнтныя стаўкі ўпалі, і цяпер адсотак, пад які дзяржава можа ўзяць крэдыт, стаў рэкордна нізкім. Прадпрымальнікі ж пацвярджаюць пазітыўны эфект адсутнасці выдаткаў на канвертаванне”.

Пры гэтым асцярогі наконт павелічэння цэнаў пасля пераходу на еўра не пацвердзіліся. “Інфляцыя захавалася на вельмі нізкім узроўні. Гэта звязана з тым, што ў цэлым па ЕС інфляцыя на вельмі нізкім узроўні, але я мяркую, што дапамаглі і захады, якія мы рабілі са свайго боку”.

Што рабіць беларусам, якія маюць літы?

На дадзены момант літы ў Беларусі можна памяняць у аддзяленнях БСБ-Банка (ва ўсіх аддзяленнях да 20 снежня) і МТБанка (да 19 снежня), а таксама ў Еўраторгінвестбанку, БТА банку, БНБ-банку, ВТБ-банку і банку БелВЭБ.

Да 23:59 31 снежня 2014 на ўнутраным рынку Літвы будуць хадзіць толькі літы. З 1 студзеня і цягам двух тыдняў у крамах суседняй краіны можна будзе расплачвацца і еўра, і літамі. Пасля ўсе грашовыя аперацыі на тэрыторыі Літвы будуць праводзіцца толькі ў еўра. Як паведамляе літоўскі Мінфін, першую палову 2015 года літы можна будзе здаваць у любых банках, у другой палове года — у спецыяльна зацверджаных аддзяленнях і, магчыма, з пэўнай камісіяй за аперацыю. Але ў Цэнтрабанку Літвы мяняць літы на еўра можна будзе неабмежаваны час.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі