У Беларусі затрымалі сведку Іеговы, яму пагражае выдача ў Расію

Ілюстрацыйнае фота / pixabay.com
Ілюстрацыйнае фота / pixabay.com

У Беларусі затрыманы 36-гадовы сведка Іеговы, расіянін Мікалай Махалічаў. 21 лютага 2020 года ў Гарадоцкім раёне яго спыніла міліцыя для праверкі дакументаў. Падчас іх праверкі Махалічаву паведамілі, што Расія абвясціла яго ў міждзяржаўны вышук за ўдзел у экстрэмісцкай арганізацыі. Спярша Мікалая адправілі ў ізалятар часовага ўтрымання ў Гарадку, а 24 лютага пракуратура Гарадоцкага раёна накіравала яго ў СІЗА-2 у Віцебску.

Праваабаронца Эніра Браніцкая пацвердзіла Еўрарадыё, што Мікалай цяпер знаходзіцца ў віцебскім СІЗА-2: "Мы ведаем, што ён быў затрыманы 21 лютага. Бо яго імя было ў базе міждзяржаўнага вышуку. Пракуратура прыняла рашэнне аб змяшчэнні яго пад варту для далейшай выдачы яго ў Расію за ўдзел у экстрэмісцкай арганізацыі".

У студзені 2019 года ў Расіі на Мікалая завялі справу па артыкуле 282.2 "Арганізацыя дзейнасці экстрэмісцкай арганізацыі". У 2017 годзе Вярхоўны Суд РФ прызнаў Сведак Іеговы экстрэмісцкай арганізацыяй, і цяпер яны забароненыя. Але ў Беларусі арганізацыя легальна існуе.

Эніра Браніцкая растлумачыла, што запыт на выдачу затрыманага павінны пацвердзіць у Генеральнай пракуратуры Беларусі:

"У Беларусі рашэнне аб выдачы Махалічава павінна прымаць Генеральная пракуратура. Цяпер толькі прынята рашэнне аб меры стрымання ў выглядзе змяшчэння пад варту да таго часу, пакуль наша Генпракуратура не ўхваліць яго выдачу".

Затрыманаму расіяніну ў выпадку выдачы можа пагражаць да дзесяці гадоў пазбаўлення волі.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі