У Беларусі заснавалі літаратурную прэмію імя Максіма Багдановіча

9 снежня, у дзень нараджэння класіка беларускай літаратуры Максіма Багдановіча заснаваная штогадовая літаратурная прэмія. Пра гэта паведаміў БелаПАН намеснік старшыні Саюза беларускіх пісьменнікаў Барыс Пятровіч. Прэмія імя Багдановіча будзе прысуджацца за найлепшы дэбют года ў трох намінацыях — паэзія, проза і пераклад. Цяпер разглядаюць сімволіку прэміі, якая будзе ўключаць медаль і дыплом лаўрэата. У склад журы прэміі ўвайшлі 15 выбітных дзеячаў нацыянальнай культуры. У тым ліку літаратары Ўладзімір Арлоў, Генадзь Бураўкін, Васіль Сёмуха, Сяргей Дубавец, Дзмітры Плакс і Вальжына Морт. Творы прэтэндэнтаў на прэмію павінны быць напісаныя па-беларуску, а іх аўтарам на момант вылучэння не павінна быць болей за 35 год.

Да разгляду журы прымае дэбютныя кнігі аўтараў, якія выйшлі цягам году. Могуць разглядаць і значныя публікацыі ў літаратурных часопісах. Вызначаць пераможцаў і ўручаць прэмію ў сакавіку 2011 года.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі