У Беларусі вынеслі другі за год смяротны прысуд

У Беларусі вынеслі другі за год смяротны прысуд

У Беларусі вынеслі другі за год смяротны прысуд. Мінскі абласны суд прыгаварыў да расстрэлу Сяргея Хмялеўскага. Спачатку мужчына атрымаў пажыццёвае зняволенне, але пракуратура падала пратэст і крымінальная справа была перагледжана. Акалічнасці вынясення чарговага смяротнага прысуду высвятляюць праваабаронцы, інфармуе сайт spring96.org.

Вядома, што асуджанаму 31 год. Ён — ураджэнец вёскі Мачулішчы Мінскага раёна. Раней неаднаразова судзімы (за крадзеж, рабаванне, разбой, хуліганства, наўмыснае прычыненне менш цяжкага пашкоджання, уцягванне непаўналетняга ва ўчыненне злачынства і ўхіленне ад адбыцця пакарання ў выглядзе абмежавання волі). Па апошняй крымінальнай справе мужчыне было выстаўленае абвінавачанне ў забойстве двух і больш асобаў, учыненым з асаблівай жорсткасцю "з мэтай утаіць іншае злачынства ці аблегчыць яго здзяйсненне". А таксама ў крадзяжы, замаху на наўмыснае знішчэнне або пашкоджанне маёмасці, невыкананні патрабаванняў прэвентыўнага нагляду.

Нагадаем, той жа Мінскі абласны суд 5 студзеня 2016 года вынес смяротны прысуд Генадзю Якавіцкаму, неаднаразова судзімаму. Яго прызналі вінаватым у забойстве, учыненым з асаблівай жорсткасцю.

Як вядома, Беларусь — адзіная ў Еўропе краіна, дзе выносяцца смяротныя прысуды. Еўрапейскія структуры, міжнародныя праваабарончыя арганізацыі неаднаразова заклікалі ўлады Беларусі ўвесці мараторый ці адмяніць смяротнае пакаранне.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі