У Беларусі ўвялі 30-працэнтны збор пры пакупцы валюты

У пятніцу, 19 снежня, з'явіўся прэс-рэліз "аб рашэннях ураду і Нацыянальнага банка па недапушчэнню развіцця негатыўных тэндэнцый на фінансавых рынку". Змяшчаем гэты дакумент цалкам. Атрымліваецца, што дэвальвацыі ў Беларусі не абвясцілі, але замест гэтага ўвялі 30%-ы збор пры пакупцы валюты.

"Зыходзячы з сітуацыі, якая складваецца ў эканоміках сумежных дзяржаў, і ў першую чаргу — у Расійскай Федэрацыі, Урадам і Нацыянальным банкам Рэспублікі Беларусь прыняты шэраг мер, накіраваных на недапушчэнне развіцця негатыўных тэндэнцый на валютным і фінансавым рынках Рэспублікі Беларусь і павышэнне прывабнасці зберажэнняў у беларускіх рублях.

Нацыянальным банкам павышаны да 50 адсоткаў гадавых працэнтныя стаўкі па пастаянна даступных і двухбаковых аперацыях падтрымкі ліквіднасці банкаў. Гэта, у сваю чаргу, прывядзе да прапарцыйнага павелічэння ставак па дэпазітах у нацыянальнай валюце.

Усімі буйнымі беларускімі банкамі ўводзіцца тэрміновы гарантаваны ашчадны ўклад з механізмам індэксацыі рублёвых зберажэнняў пры змене абменнага курсу беларускага рубля. Гэта робіць зберажэнні ў нацыянальнай валюце абароненымі ад курсавых рызык і падвысіць іх прывабнасць у параўнанні з замежнай валютай.

З улікам ўзрослага попыту на замежную валюту на ўнутраным валютным рынку прынята рашэнне аб часовым увядзенні 30 адсоткавага збору пры куплі валюты юрыдычнымі і фізічнымі асобамі. Прадпрыемствы і банкі будуць выплачваць дадзены збор пры набыцці валюты на біржы, грамадзяне — у выглядзе камісіі пры куплі ў банках. Выплачаныя сродкі будуць накіроўвацца ў бюджэт.

Пры гэтым падыходы да курсаўтварэнні на ўнутраным валютным рынку застануцца нязменнымі. Любы грамадзянін зможа здзяйсняць куплю і продаж валюты без абмежаванняў, суб'екты гаспадарання — на Беларускай валютна-фондавай біржы. Ажыццяўленне аперацый куплі-продажу замежнай валюты суб'ектамі гаспадарання — рэзідэнтамі Рэспублікі Беларусь на пазабіржавым валютным рынку часова прыпыняецца.

Акрамя таго, з 19 снежня 2014 г. да 50 адсоткаў павялічваецца норма абавязковага продажу валютнай выручкі, якая паступае ў краіну.


Адначасова становяцца больш жорсткімі падыходы да правядзення грашова-крэдытнай палітыкі для абмежавання росту грашовай масы і павелічэння "кошту" грошай.

У прыватнасці, банкам рэкамендавана не дапускаць да 1 лютага 2015 г. нарошчвання крэдытнага партфеля ў беларускіх рублях і не ажыццяўляць змяненне валюты грашовых абавязацельстваў пазычальнікаў па крэдытных дамовах.

Адначасова прынята рашэнне аб непрымяненні да банкаў мер нагляднага рэагавання за невыкананне з 18 снежня 2014 г. да 1 студзеня 2015 г. патрабаванняў пастановы Праўлення Нацыянальнага банка Рэспублікі Беларусь ад 22 красавіка 2014 № 260 "Аб максімальным памеры працэнтных ставак па аперацыях банкаў па прадастаўленню грашовых сродкаў (крэдытаў) юрыдычным асобам — рэзідэнтам Рэспублікі Беларусь".

Прынятыя меры дадуць магчымасць павысіць прывабнасць зберажэнняў у беларускіх рублях, збалансаваць валютны рынак ва ўмовах павышанага попыту на замежную валюту і не дапусціць росту спекулятыўных настрояў".

Фота — Fotolia

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі