У Беларусі пачалі крымінальную справу за "групу смерці" ў сацсетках

У Беларусі пачалі крымінальную справу за "групу смерці" ў сацсетках

У Віцебску гарадскі аддзел Следчага камітэта пачаў крымінальную справу за схіленне да самагубства. Інцыдэнт звязаны з так званымі "групамі смерці" ў сацсетках, піша sb.by. Гэта першы выпадак у Беларусі, калі "групы смерці" трапляюць пад крымінальны пераслед. 

Па словах старшага памочніка пракурора Віцебска Вольгі Каралёвай, школьніца ўступіла ў групу "Сіні кіт" у сацыяльнай сетцы "Вконтакте". Дзяўчына выконвала заданні, якія ёй давалі ў гэтай групе. У прыватнасці, яна парэзала рукі лязом. Пазней яна пакінула ў сацсетцы перадсмяротную запіску, у якой паведамляла, што збіраецца скінуцца з высокага будынку. 

Галоўны лекар абласнога цэнтра псіхіятрыі і наркалогіі Алена Мартынава распавяла, што перадсмяротную запіску 17-гадовай школьніцы пабачыла студэнтка медуніверсітэта і паведаміла лекарам. Тыя звярнуліся ў міліцыю, і праваахоўнікі паспелі выратаваць дзяўчыну. 

Сама школьніца пры гэтым вельмі шкадавала, што не паспела "дагуляць". Дзяўчыну накіравалі на лячэнне ў абласны цэнтр псіхіятрыі і наркалогіі. "Цяпер яна практычна ў норме, рыхтуецца да выпіскі са стацыянара", — паведаміла Мартынава. 

Выявілася, што заданнем дзяўчыны было парэзаць вены і трапіць у псіхіятрычную клініку. Так што заданне "групы смерці" яна выканала. 

Дарэчы, медыкі кажуць, што амаль такія ж гісторыі здарыліся ў Віцебску яшчэ з трыма дзяўчынкамі. Адна з іх праходзіць лячэнне амбулаторна.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі