У Беларусі найбольш нізкія тэмпы эканамічнага росту сярод краін ЕАЭС

У Беларусі найбольш нізкія тэмпы эканамічнага росту сярод краін ЕАЭС

Нягледзячы на некаторае запаволенне падзення ў першым паўгоддзі 2016-га, Беларусь дэманструе найбольш нізкія тэмпы эканамічнага росту сярод краін Еўразійскага эканамічнага саюза, гаворыцца ў аглядзе Еўразійскага банка развіцця. Адзначаецца, што ў канцы лета паскорылася падзенне эканомікі, а па выніках першых васьмі месяцаў года валавы ўнутраны прадукт Беларусі знізіўся на 3%, у параўнанні з аналагічным перыядам 2015-га, інфармуе БелаПАН.

Эканамісты ЕАБР назвалі асноўныя фактары зніжэння эканамічнай актыўнасці ў нашай краіне. Гэта падзенне рэальных наяўных грашовых даходаў насельніцтва (у студзені-жніўні яны склалі 93% ад узроўню аналагічнага перыяду мінулага года), некаторае паскарэнне тэмпаў падзення расходаў на канчатковае спажыванне хатніх гаспадарак у другім квартале (зніжэнне ў параўнанні з аналагічным перыядам 2015 года склала 2,1%), запаволенне сціскання валавога назапашвання асноўнага капіталу (скарачэнне ў параўнанні з другім кварталам 2015-га склала 11,2%).

У макрааглядзе Еўразійскага банка развіцця таксама гаворыцца, што станоўчая дынаміка росту прамысловай вытворчасці ў Беларусі, якая была адзначаная ў красавіку-чэрвені, вярнулася ў сферу адмоўных значэнняў у пачатку трэцяга квартала. Звязана гэта ў большай ступені са скарачэннем аб'ёмаў перапрацоўкі нафтапрадуктаў (адбылося зніжэнне імпарту сырой нафты з Расіі). Станоўчая дынаміка ў сельскай гаспадарцы, якая назіралася на працягу студзеня-ліпеня 2016 года, у жніўні змянілася рэзкім падзеннем на 15,5% (да жніўня 2015-га). Адмоўная дынаміка працягваецца ў будаўніцтве і гандлі.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі