У Беларусі могуць з’явіцца свой брэнд і слоган

У Беларусі могуць з’явіцца свой брэнд і слоган

Бюджэт Мінска выдзяляе на развіццё турызму 26 тысяч долараў. У мінулым годзе сума была на дзве тысячы меншай. Але ж сёлета у Беларусь могуць прыехаць замежнікі на пяць дзён без візы. Куды ж патряцяць грошы.

“Гэтыя грошы запланаваныя на выданне і раздрукоўку рэкламных матэрыялаў, а таксама на прасоўванне Мінска за мяжой на міжнародных выставах. Гэтыя сродкі былі запланаваныя”, ― тлумачаць ва ўпраўленні спорту і турызму Мінгарвыканкама.

Летась для рэкламы Мінска знялі фільм, дапрацавалі сайт инфармацыйна-турысцкага цэнтра “Мінск”, і нават зрабілі электронную мапу грамадскіх прыбіральняў. Ці дастаткова гэтага…

Прасоўваць горад трэба пачынаць са стварэння слоганаў і брэндаў усёй краіны, у гэтым упэўнены Валянцін Цэхмейстэр, старшыня Саюза турыстычных арганізацый.

“Цяпер абмяркоўваюць праблему брэндаў гарадоў і краіны. У нас няма ні лагатыпа, ні брэнда, ні слогана, пад якім ведалі б Беларусь. Грузія выдзяляе на прасоўванне краіны адзінаццаць мільёнаў долараў, але гэта турыстычная краіна. Калі арганізавана прасунуць ролікі пра Беларусь па лініі міністэрства замежных спраў, гэта дапаможа”.

Брэнд Мінска ўжо ствараўся, тады брытанская кампанія “Instid” зрабіла Мінску лагатып ― блакітныя палосы на белым фоне за трыццаць тысяч долараў.  З таго часу яго не выкарыстоўвалі.

У Беларусі могуць з’явіцца свой брэнд і слоган
Прыклады выкарыстання распрацаванага брэнда

“У Славакіі арганізавалі конкурс, там малады хлопец прапанаваў слоган “Славакія ― гэта добрая ідэя” і гэта хуценька ўзяліся раскручваць. Такога ў нас мы не бачым, нейкай цэнтралізаванай цікаўнасці. У гэтым зацікаўлены і прамысловы турызм, і медыцынскі турызм”, ― дадае Валянцін Цэхмейстэр.

Пакуль для піяру краіны сярод замежнікаў Нацыянальнае агенцтва па турызме зняло ролік пра Беларусь і зрабіла сайт. 

“Ужо ёсць пераклад, ролік будзе з англійскай агучкай, з кітайскай, і мы рыхтуем субцітры на іншых мовах. Цягам тыдня гэта з’явіцца. З сайтам ― гэта пакуль толькі прэзентацыя канцэпцыі дызайну і структуры. Цяпер сайт дапрацоўваецца, мы папаўняем кантэнт на рускай і англійскай мовах. Пазней дададзім іншыя мовы, нават іўрыт”, ― абяцаюць у агенцтве па турызме.

Піярыць краіну сярод замежнікаў у нацыянальным агенцтве плануюць сёлета праз выставы і рэкламныя брашуры. Напрыклад, сёлета стэнд Беларусі будзе на турыстычных выставах ў Барселоне, Франкфурце і Японіі.  А ў ліпені Сусветная турыстычная арганізацыя праводзіць канферэнцыю па брэндынгу ў Мінску. Паводле яе, у краіны ў будучым могуць з’явіцца брэнд і слоган.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі