У беларусаў расце попыт на “экзатычныя” прышчэпкі

Карэспандэнт Еўрарадыё завітаў у Мінскі гарадскі цэнтр гігіены і эпідэміялогіі, дзе паспрабаваў разабрацца ў даволі новых для нашай краіны медыцынскіх паслугах. Распавядае Ірына Глінская, загадчыца аддзялення імунапрафілактыкі Мінскага гарадскога цэнтра гігіены і эпідэміялогіі:

Што тычыцца абавязковасці, то існуюць дакументы, якія дакладна рэгламентуюць, з’яўляецца прышчэпка абавязковай, ці не. У нас толькі адна прышчэпка з’яўляецца абавязковай – супраць жоўтай ліхаманкі. Але ж яна праводзіцца толькі пры выездзе ў асобныя краіны. Гэта шэраг краін Афрыкі, Паўднёвая Амерыка – Бразілія, Венесуэла, Балівія, Калумбія, Панама. То бок 32 афрыканскія і 10 амерыканскіх краінаў”.

Па словах Ірыны Глінскай, з кожным годам колькасць жадаючых зрабіць “экзатычны” ўкол істотна павялічваецца:

Людзі ў нас прышчапляюцца. Асабліва апошнія два гады па званках мы вельмі востра гэта адчуваем. Людзі сталі цікавіцца сваім здароўем. Зараз такіх званкоў ідзе вялікая колькасць. Кажуць: я выязджаю ў пэўную краіну парэкамендуйце, якія прышчэпкі я павінен зрабіць”.

Што тычыцца прышчэпкі ад жоўтай ліхаманкі, для ўсіх жыхароў краіны яна робіцца на базе 19-й гарадской паліклінікі. Адбываецца гэта бясплатна. Пра умовы прышчэплівання кажа Ірына Глінская:

Яе неабходна зрабіць як мінімум за 10 дзён да выезду ў гэтую краіну. Пасля правядзення гэтай прышчэпкі выдаецца сертыфікат міжнароднага ўзору”.

Дарэчы, пры адсутнасці гэтага сертыфікату на мяжы вас могуць не пусціць у краіну з вышэйназванага спісу. Дый у кожным разе, калі вы робіце гэтую працэдуру, у першую чаргу, вы клапоціцеся пра сваё здароўе. Медыкі, у сваю чаргу, даюць стопрацэнтную гарантыю. Распавядае супрацоўніца аддзялення імунапрафілактыкі Мінскага гарадскога цэнтру гігіены і эпідэміялогіі Наталля Мініна:

Вельмі надзейная прышчэпка дае стопрацэнтную гарантыю. І самае галоўнае, што яна дае абарону ад захворвання на 10 год. І чалавек у гэты перыяд можа смела ездзіць па тых краінах, дзе ёсць жоўтая ліхаманка”.

Што тычыцца паказанняў і супрацьпаказанняў, у прынцыпе, яны звычайныя, такія ж як і для ўсіх астатніх прышчэпак. То бок укол не робіцца ў перыяд абвастрэння якога-небудзь хранічнага захворвання ці калі ў чалавека ёсць сімптомы вострага захворвання.

Фота — www.flickr.com

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі