У бабруйскай кавярні падчас падачы шашлыкоў загарэліся дзве жанчыны (відэа)

У бабруйскай кавярні падчас падачы шашлыкоў загарэліся дзве жанчыны (відэа)

Здарэнне адбылося ў бабруйскай кавярні “Дольчэ Віта” яшчэ 12 верасня, аднак Еўрарадыё даведалася пра гэта толькі цяпер.

Кампанія з шасці чалавек — пераважна сваякі — адзначалі дзень народзінаў юнай дзяўчыны. У адзін з момантаў мама і цётка імянінніцы нечакана загарэліся проста перад аб’ектывам відэакамеры. 

Еўрарадыё ўдалося расшукаць 54-гадовую Галіну Голуб — тую самую жанчыну, якая ўспыхнула на відэа. Яе ўжо выпісалі з бальніцы. На шчасце, пацярпелая атрымала апёкі 8% цела і пазбегла сур’ёзных калецтваў.

“Так, на відэа я. Сядзела спінай да барнай стокі і не бачыла, як усё здарылася. Успыхнула раптоўна. Потым даведалася ад блізкіх, што перад гэтым за суседні столік людзі замовілі шашлыкі. Выйшаў чалавек з талеркай, танцаваў. А на барнай стойцы нешта падпалілі. Напэўна, хацелі, каб было прыгожа. Але атрымалася, што мы загарэліся. Следчы ў бальніцы казаў, што нібыта ў залу адкрылі дзверы, і ад паветра атрымаўся такі эфект”, — згадвае той трагічны вечар Галіна Іванаўна.

Пасля загарання жанчына выскачыла ў калідор і сарвала з сябе сукенку, каб патушыць галаву. У выніку абпаліла патыліцу, шыю і рукі.

“Муж кажа, калі я выскоквала, на спіне было дзве паласы. Можа быць, яны падпальвалі барную стойку пры дапамозе нейкай вадкасці і выпадкова лінулі гэтай вадкасці на нас”, — разважае Галіна Голуб.

Пацярпелай падалося падазроным, што яе абгарэлая сукенка ў выніку з кавярні знікла.

44-гадовая Людміла Лацук, родная сястра галіны Голуб, пацярпела трошкі менш: атрымала апёкі 5% цела. Аднак абпаліла твар. Сваю абгарэлую кофту жанчына перадала дзяжурнаму следчаму. 

У бабруйскай кавярні падчас падачы шашлыкоў загарэліся дзве жанчыны (відэа)

Паводле інфармацыі ад пацярпелых, праверку даручылі праводзіць міліцыі. Жанчыны непакояцца, што аб’ектыўнага пакарання вінаватыя не панясуць.

Галіна Голуб апавядае, што супрацоўнікі кавярні прыходзілі да іх у бальніцу і спрабавалі дамаўляцца.

“Мы людзі неканфліктныя, былі не супраць. Але што на гэта сказаць і як шкоду ацаніць, мы не ведалі. Мяне ж не абпальваюць кожны дзень. Яны таксама маўчалі і пераглядаліся між сабой. Я і сказала пра 100 мільёнаў, каб паглядзець на іх рэакцыю. Пасля гэтага яны пачалі пагражаць, што ў іх у праваахоўных органах свае людзі і мы нічога не даб’емся. Тады мы вырашылі, што грошай ад іх нам не трэба, і няхай з усім разбіраецца суд”.

Дарэчы, як высветліла Еўрарадыё, інфармацыя пра ўзгаранне ў “Дольчэ Віта” ў зводках МНС не праходзіла.  

У бабруйскай кавярні падчас падачы шашлыкоў загарэліся дзве жанчыны (відэа)

Версія дырэктара кавярні: “На жанчынах загарэўся лак пасля таго, як разліўся кактэйль”

“Гэта быў няшчасны выпадак. Бачыць Бог, ніхто такога не хацеў. Аднак пацярпелыя раздзьмулі ў сацсетках вельмі вялікую шуміху, з’явілася вельмі шмат паклёпаў”, — бароніць рэпутацыю “Дольчэ Віта” яе дырэктар Мікалай Маковіч

Кіраўнік кавярні паведамляе, што ўжо нанятыя адвакаты, каб звярнуцца ў суд з сустрэчнай позвай. Ён лічыць, што пацярпелыя скарысталіся сітуацыяй, каб спагнаць з кавярні 100 мільёнаў рублёў. Таксама дырэктар незадаволены інфармацыяй, якую пабачыў у сацсетках.

“Пішуць, што праводзілася фаер-шоў, што людзі моцна абгарэлі. Ёсць афіцыйнае заключэнне дактароў, што ступень паражэння скуры — 4-8%. Гэта ні аб чым. А ступень цяжкасці — 1 і 2-я. Першая ступень — гэта калі вы ўзяліся за патэльню рукой. Другая — трошкі больш сур’ёзная.  Шнары, рубцы і іншыя сляды пры такіх ступенях не застаюцца. А пішуць, што 3-4 ступень цяжкасці і моцна абгарэлі. Вельмі шмат паклёпаў”, — абураецца Мікалай Маковіч.   

У бабруйскай кавярні падчас падачы шашлыкоў загарэліся дзве жанчыны (відэа)

Пры гэтым дырэктар “Дольчэ Віта” падкрэслівае, што яго ўстанова не адмаўляе сваёй віны і аказала пацярпелым усялякую падтрымку. У прыватнасці, жанчынам у бальніцу прывозілі мазі, бінты і садавіну.

Версію пра фаер-шоў Мікалай Маковіч катэгарычна адмаўляе:

“Мы не праводзім фаер-шоў! Як патлумачылі міліцыянеры, на жанчыне было вельмі шмат лаку. Рабіліся кактэйлі, якія падаюцца падпаленымі. І атрымалася што кактэйль гэты перавярнуўся. Выпадкова кропелька трапіла на валасы. Праз тое, што на іх было шмат лаку, здарылася ўзгаранне”.

Сёстры Галіна Голуб і Людміла Лацук  чакаюць вынікаў праверкі і збіраюцца звяртацца ў суд. 

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі