У 2015 годзе ў Беларусь адаслалі на 30% менш грашовых пераводаў

У 2015 годзе ў Беларусь адаслалі на 30% менш грашовых пераводаў

Літоўцы сталі менш пераводзіць грошай на радзіму. Такая навіна з’явілася сёння ў СМІ суседскай краіны.

Паводле статыстыкі, за першае паўгоддзе 2015-га літоўцы пералічылі на радзіму на 182,6 млн еўра менш, чым год таму.

Эксперты і эканамісты адразу знайшлі тлумачэнні.

Галоўны эканаміст банка Swedbank Нерыюс Мачуліс мяркуе, што такое істотнае зніжэнне пераводаў для Літвы (з 4,5% ад ВУП да 3%) звязанае з увядзеннем еўра і ростам інвеставання эмігрантамі ў нерухомую маёмасць у Літве.

“У мінулым годзе мы назіралі такую тэндэнцыю — частка эмігрантаў, якія ў будучыні яшчэ плануюць вярнуцца ў Літву, інвеставалі. Таму было пераведзена больш сродкаў. У гэтым годзе зацікаўленасць знізілася”, —  цытуе эканаміста партал DELFI.

Другая прычына — гутаркі пра магчымае зніжэнне фінансавай дапамогі дзяржавы тым, хто атрымлівае грашовую дапамогу з-за мяжы.

Эканаміст банка Nordea Жыгімантас Маўрыцас кажа, што адной з прычын магло стаць падзенне курса нарвежскай кроны, а менавіта з Нарвегіі прыходзіць вялікая частка пераводаў. Яшчэ адной прычынай, на яго думку, стала аднаўленне эканомікі Літвы.  Знізілася колькасць жыхароў, якім неабходная дапамога сваякоў. 

У Беларусь з-за мяжы таксама стала паступаць менш грашовых пераводаў. Сёлета за першае паўгоддзе пераведзена 330 млн долараў. А гэта амаль на 200 млн менш, чым у мінулым годзе! Калі летась гэта было 0,7% ад ВУП, то цяпер — толькі 0,45%.

Прэс-сакратар Нацбанка Аляксандр Цімашэнка кажа, што прыватныя пераводы прыходзяць у Беларусь у асноўным з Расіі:

“За першае паўгоддзе 2015 года гэта было 84% ад агульнай сумы. Летась за гэты ж перыяд было каля 90%. Адпаведна, гэта і абумоўлівае змяншэнне суммы атрыманых прыватных пераводаў у доларавым выражэнні”.

Эканаміст Сяргей Жбанаў тлумачыць, што ў сувязі з падзеннем коштаў на нафту, у краінах, якія будавалі свой экспарт на вуглевадародах, пачаліся вялікія праблемы з бюджэтамі.

“Гэта кажа пра тое, што там для імігрантаў пагоршыліся ўмовы. У Расіі да гэтага дадалася яшчэ дэвальвацыя, і ў выніку розніца ў сярэднім заробку, напрыклад, у Беларусі і Расіі, стала усяго 100 долараў. І навошта мне, як працоўнаму мігранту, ехаць за такімі грошамі туды на вахтавы метад?”

Пераводы, якія змяншаюцца — наступствы глабальных зменаў у сусветнай эканоміцы, — рэзюмуе эканаміст.

Падобнага меркавання прытрымліваецца і эканаміст Яраслаў Раманчук. Ён адзначае, што з-за рэцэсіі ў Расіі, мясцовае будаўніцтва перажывае не самыя лепшыя часы, кампаніі не схільныя набіраць новых супрацоўнікаў, у тым ліку, і беларусаў.

Сітуацыя на іншых рынках таксама не самая лепшая — краіны навокал перажываюць стан напружанасці на рынку працы. І атрымаць высокі заробак працоўнаму мігранту становіцца цяжэй.

Гэтыя 200 мільёнаў долараў, якія не атрымае беларуская эканоміка — не такія вялікія грошы. Але калі падсумаваць разам са стратамі ў гандлі нафтахімічнымі і інвестыцыйнымі таварамі, выглядае зусім інакш.

Галоўнае фота: ipress.ua

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі