У 2015 годзе на мяжы затрымалі амаль 7,5 тысячы чалавек з фальшывымі дакументамі

У 2015 годзе на мяжы затрымалі амаль 7,5 тысячы чалавек з фальшывымі дакументамі

Колькасць спроб перасячы беларускую мяжу па фальшывых дакументах штогод ідзе на тысячы, што значна павялічвае нагрузку на памежнікаў. Пра гэта ў размове з Еўрарадыё кажа кіраўнік прэс-службы Дзяржаўнага памежнага камітэта Аляксандр Цішчанка.

Цішчанка: “Толькі летась у нас было выяўлена патэнцыйных транзітных мігрантаў з чужымі, падробленымі і няспраўнымі дакументамі амаль 7400 чалавек. У асноўным гэта грамадзяне былога Савецкага Саюза — краін СНД, і вельмі шмат з краін Афра-Азіяцкага рэгіёну”.

Сярод грамадзян краін СНД, кажа Цішчанка, найчасцей парушэнні здзяйсняюць грамадзяне Малдовы, Украіны і Грузіі, што былі на заробках у Расіі. Маўляў, часта яны не вытрымліваюць тэрміны знаходжання ў Расіі і замаўляюць сабе праз сумнеўныя фірмы дакументы, міграцыйныя карты і гэтак далей. А ім дастаўляюць звычайныя падробкі. Грамадзяне ж з краін Афра-Азіяцкага рэгіёну найчасцей едуць з чужым пашпартам, спадзеючыся, што для нас яны “ўсе на адзін твар”.

Па словах прадстаўніка Памежнага камітэта, сёння ў памежнікаў такая тэхніка, што дазваляе звесці магчымасць перасячэння мяжы па фальшывых дакументах амаль да нуля. І гэта датычыць не толькі мяжы з Польшчай ці Літвой, але і з Украінай.

У выпадку, калі будзе даказаная наўмысная падробка дакументаў, такому турысту выстаўляецца абвінавачанне. Так, да прыкладу, 9 сакавіка 2016 года суд Гомеля за спробу перасячэння беларуска-ўкраінскай мяжы па фальшывым пашпарце прысудзіў грамадзяніну Расіі штраф у 210 мільёнаў рублёў. 

Фота: belapan.by

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі