Tuzin.fm называе “Герояў года” і задумваецца пра гераінь

“Пры абвяшчэнні вынікаў году мы заўжды рабілі ўхіл на дэбют, бо хвалюемся пытаннямі пераемнасці ў беларускай музыцы, — каментуе фармат імпрэзы ідэйны натхняльнік прэміі і рэдактар партала Tuzin.fm Сяргей Будкін. — Акрамя дэбютантаў абвесцім тых, хто на нашу думку з’яўляецца героем года. А з мінулага года мы вырашылі менавіта так і называць нашу прэмію — “Героі года”.

У склад сяброў рэдакцыі партала Tuzin.fm увайшлі Сяргей Будкін, Вецер Механічны, Алег Хаменка, RWD, Яўген Шапчыц, Віктар Сямашка, Алесь Дзянісаў, Іна Хоміч, Mr. Harrison, а таксама ганаровыя сябры рэдакцыі Ніна Шыдлоўская і Мікалай Тамашэвіч. У кожнай з катэгорый былі абраныя намінанты, якія і трапілі ў шорт-ліст: Sp Kava, Hurma, Dzivia, Tonqixod ды Navi у намінацыі “Дэбют года”. На званне ж, уласна, “Герояў года” прэтэндуюць :B:N:, N.R.M., Re1ikt, "Ляпіс Трубяцкі" і BosaeSonca.

Сяргей Будкін не выключае, што ў будучым у “Герояў года” з’явяцца і іншыя намінацыі. Так, па парадзе Еўрарадыё Сяргей задумаўся пра намінацыю “Гераіня года”, якая б стала пэўнай альтэрнатывай тытулу “Рок-князёўны”:

“Гэта вельмі слушная і сур’ёзная прапанова, бо такім чынам мы зможам звярнуць асаблівую ўвагу на жаночую творчасць на нашай сцэне. Але пакуль канцэпцыя нашай прэміі якраз у сцісласці і трапнасці”.

Пераможцы будуць абвешчаныя падчас канцэрта, які адбудзецца 12 снежня ў клубе “Юла”. Падчас імпрэзы выступяць Sp Kava, Tonqixod, Hurma, :B:N:, Re1ikt. Але, папярэджваюць арганізатары, не факт, што менавіта нехта з выступоўцаў атрымае ўзнагароду.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі