Дваіх затрыманых на панк-канцэрце асудзілі на 10 сутак арышту

У панядзелак, 12 студзеня, у Ленінскім судзе беларускай сталіцы разглядаліся справы траіх затрыманых на панк-канцэрце, які праходзіў у суботу ў клубе "Піраты". Усіх іх абвінавацілі ў дробным хуліганстве, а дваіх з іх яшчэ і ў распаўсюдзе "экстрэмісцкай літаратуры". Што да апошняга, дык у судзе былі выяўленыя недахопы ў складанні дакументаў, таму пратаколы вярнулі ў РУУС на дапрацоўку.

Як інфармуе сайт karabasa.net, затрыманых абвінавацілі ў лаянцы матам, калі ў залу забег нарад АМАПа. Усе прызналі сваю віну. Нягледзячы на гэта, дзяўчына атрымала штраф — 1 млн 800 тысяч рублёў, двое хлопцаў — па 10 сутак адміністрацыйнага арышту.

Як паведамляла Еўрарадыё, супрацоўнікі міліцэйскага АМАПа сарвалі панк-канцэрт у клубе “Піраты” 10 студзеня, на якім збіраліся выступіць тры калектывы з Беларусі і вядомы анархісцкі гурт з Італіі “Kalashnikov”. Па словах сведак, неўзабаве пасля пачатку канцэрта да клуба пад’ехалі міліцыянеры. Прысутных абшуквалі, запісвалі дадзеныя, здымалі на відэа. Былі затрыманыя тры чалавекі, якія гандлявалі панк-атрыбутыкай. Іх адвезлі ў РУУС Ленінскага раёна.

Фота: ria.ru, Еўрарадыё

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі