Таджыкістанскі футбаліст папрасіў палітычны прытулак у Беларусі

Таджыкістанскі футбаліст папрасіў палітычны прытулак у Беларусі

Экс-футбаліст з Таджыкістана Парвіз Турсунаў просіць палітычнага прытулку ў Беларусі, паведамляе centre1.com. Яму пагражае экстрадыцыя на радзіму.
 
Турсунава затрымалі ў мінскім аэрапорце 18 верасня. Ён прыляцеў у Беларусь, каб адправіцца далей у Польшчу.

Па словах адвакаткі Турсунава Наталлі Мацкевіч, Таджыкістан ужо даслаў дакументы на экстрадыцыю экс-футбаліста, абвешчанага ў міждзяржаўны вышук. На радзіме яго абвінавачваюць у "арганізацыі дзейнасці экстрэмісцкай групы". Цяпер дакументы вывучае Генеральная пракуратура Беларусі. 

Вывучэнне запыту на экстрадыцыю прыпыненае на час разгляду хадайніцтва аб статусе бежанца (да 40 дзён). Праваабаронцы разлічваюць, што іншыя дзяржавы пагодзяцца даць Турсунаву такі статус, калі Беларусь адмовіцца даць яму міжнародную абарону.

На радзіме Турсунаў быў адным з вядучых футбалістаў каманды вышэйшага дывізіёна Таджыкістана "Хайр" ("Вахдат"), а таксама гуляў у сталічнай "Гвардыі". Але ў 2011 годзе яго дыскваліфікавалі за бараду, якую ён адрасціў з рэлігійных перакананняў.

Каб пазбегнуць турэмнага пакарання, спартовец з сям'ёй пераехаў у Дубай, дзе прадаваў прадукты харчавання і гатаваў плоў. Турсунаў не змог аформіць від на жыхарства ні ў Турцыі, ні ў Аб'яднаных Арабскіх Эміратах, таму перабраўся ва Украіну. Адтуль сям'я вылецела ў Беларусь.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі