Сёстры Груздзевы: мы не ведалі, што нас сабралі на інаўгурацыю

Сёстры Груздзевы: мы не ведалі, што нас сабралі на інаўгурацыю

Сёстры Аляксандра і Валянціна Груздзевы ў інтэрв'ю mk.ru расказалі, як апынуліся на інаўгурацыі Аляксандра Лукашэнкі. Як вядома, яна была таемная, не анансавалася. Нават прысутныя не ведалі, з якой мэтай запрошаныя ў Палац Незалежнасці (але маглі здагадвацца).

Спявачкі кажуць, што іх запрасілі ў музей Вялікай Айчыннай вайны на нейкае мерапрыемства, нібыта нават для "стварэння партыі" (Груздзевы — вядомыя прыхільніцы Лукашэнкі), а пасля адвезлі ў Палац Незалежнасці і паабяцалі "маленькі сюрпрыз". Там ва ўсіх забралі мабільныя тэлефоны.

Груздзевы думалі, што будзе нейкая сустрэча з Аляксандрам Лукашэнкам. На крэслах яны знайшлі паперкі са сваімі прозвішчамі. Побач з імі быў Аляксандр Саладуха, які таксама не падазраваў, што трапіў на інаўгурацыю.

"І раптам у залу зайшоў прэзідэнт, — расказваюць Груздзевы. — ...Наталля Качанава абвясціла ў мікрафон, што сёння адбудзецца інаўгурацыя... У многіх у гэты момант выступілі слёзы радасці на вачах, людзі былі шчаслівыя".

Пасля выступу Лукашэнкі і прысягі прысутных "папрасілі прайсці ва ўнутраны дворык, дзе стаялі вайскоўцы са стрэльбамі". Пазней артыстаў зноў адвезлі ў музей.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі