Сын экс-кандыдата ў прэзідэнты Уса збірае з’езд прыхільнікаў “рускага міра”

З’езд беларускіх прыхільнікаў “рускай ідэі” і “рускага міра” пройдзе на гэтым тыдні ў Беларусі. Па тэлефоне, размешчаным у сацсетках, Еўрарадыё цікавіцца: хто возьме ўдзел у гэтым “з’ездзе”.

“Гэта нацыянал-бальшавікі, РНЕ і яшчэ славянафілы, — пералічвае суразмоўца. І тлумачыць мэту гэтага “мерапрыемства”. — Стварэнне “АнтыМайдана” з мэтай недапушчэння сцэнарыя Майдана ў нас у краіне, як ва Украіне. І другое — прасоўванне ідэі “рускага міра” тут”.

Па словах суразмоўцы Еўрарадыё, праграмы ў беларускага “АнтыМайдана” пакуль няма. “Праграму будзем абмяркоўваць на з’езде. Мэту арганізацыі, праграму і гэтак далей”, — тлумачаць Еўрарадыё. Паводле папярэдняй інфармацыі, павінен прайсці гэты з’езд 18 кастрычніка. Дзе — трымаецца ў сакрэце. А на пытанне, ці можа трапіць на з’езд чалавек, які не ўваходзіць у пералічаныя арганізацыі, атрымліваем інфармацыю, якая агаломшвае.

“Усе, хто падтрымлівае ідэалогію “рускага міра” — нацыяналісты, антыфашысты, людзі з левымі поглядамі накшталт камуністаў, сацыялістаў. Калі вы за “рускую ідэю”, то можаце да нас далучыцца. Калі вы ёсць “Вконтакте”, то дадайце мяне ў сябры — Іван Ус. І пажадана зрабіць гэта цягам тыдня”.

Прозвішча арганізатара беларускага “АнтыМайдана” падазрона нагадвае прозвішча экс-кандыдата ў прэзідэнты на выбарах 2010 года Дзмітрыя Уса. Ці сапраўды гэта ён, цікавімся ў маці, Яўгеніі Ус. Тая прызнаецца, што пра з’езд нічога не ведае, але…

Яўгенія Ус: “Ведаеце, я не ведаю, дома гэта не абмяркоўваецца, думаю, Дзіма (Дзмітрый Ус — Еўрарадыё) пра гэта таксама не ведае. Ваня — дарослы хлопец, яму 18 гадоў, таму ў яго нейкія свае пытанні… І ён хлопец скрытны — у яго цяжка нешта даведацца. Мы ведаем, што гуманітарную дапамогу ён збірае, дапамагае, яму прыносяць, ён неяк там перапраўляе на Данбас. Туды, у той бок — усё туды. Я наконт палітыкі і з’ездаў — гэтага я не ведаю”.

Еўрарадыё: У канфлікце на Данбасе задзейнічаныя два бакі: Кіеў і Данецк. Куды дапамогу перапраўляюць?

Яўгенія Ус: Ну, не на кіеўскі — гэта факт.

Еўрарадыё: Ён у вас прыхільнік “рускай ідэі”?

Яўгенія Ус: Напэўна, але гэта вам лепш з ім абгаварыць.

                       Старонка Івана Уса ў сацсетках

Паводле інфармацыі з сацсетак, беларускія “антымайданаўцы” збіраюцца арганізаваць атрады дружыннікаў самаабароны, “якія маглі б дапамагаць беларускаму АМАПу ў выпадку канфліктных сітуацый”. Больш за тое, ініцыятары гэтай ідэі сцвярджаюць, што збіраюцца яе ўзгадніць… з беларускім КДБ.

Кіраўнік прэс-службы Камітэта дзяржбяспекі Артур Стрэх пра зробленыя ў сацсетках заявы ведае. І адразу папярэджвае:

Артур Стрэх: “Я ўжо ведаю, што вы спытаеце — “АнтыМайдан”. Адразу скажу: КДБ да гэтага дачынення не мае і не каментуе”.

Тым не менш цікавімся ў прадстаўніка беларускіх спецслужб, якая будзе іх рэакцыя, калі прыхільнікі “рускага міра” пагрукаюцца ў дзверы КДБ са сваёй ідэяй “дружыннікаў  антымайданаўскай самаабароны”.

Артур Стрэх: “Пагрукаюцца — кіраўніцтва будзе прымаць нейкае рашэнне. Калі яно будзе з тых рашэнняў, пра якія можна інфармаваць насельніцтва, — будзем інфармаваць, у мяне ад журналістаў сакрэтаў няма. Але пакуль у дзверы ніхто не грукаў. А заяўляць яны могуць што заўгодна. КДБ! Для рэкламы і самарэкламы яны могуць і не тое прыдумаць!”

На пытанне, ці выклікае запланаваны з’езд прыхільнікаў прасоўвання ідэі “рускага міра” ў Беларусі цікаўнасць айчынных спецслужб, ці можна ім увогуле праводзіць свой з’езд, суразмоўца Еўрарадыё адказвае дыпламатычна.

Артур Стрэх: “Будзе заяўка на правядзенне, будзе нейкае рашэнне — будзем пра іх паведамляць. Пакуль — можна ці нельга… Мы ж не ведаем, чаго яны хочуць — яны не звярталіся. Пакуль мы, груба кажучы, гадаем: да якой ступені гэтыя заявы ў інтэрнэце праўдзівыя? Я расцэньваю такія заявы на ўзроўні чутак, якія каментаваць — апошняя справа. Хто гэта яшчэ ў інтэрнэце размяшчаў: яны, не яны, што гэта за ініцыятыўная група? Будуць афіцыйныя дакументы, афіцыйна накіраваныя просьбы — будзе пра што гаварыць”.

Ці можа група грамадзян стварыць “атрад дружыннікаў самаабароны” і прапанаваць свае “паслугі” МУС ці КДБ, у прэс-службе Міністэрства ўнутраных спраў адказаць не здолелі. Маўляў, для канкрэтнага адказу неабходна прагледзець закон “Аб прафілактыцы правапарушэнняў”. І прапанавалі накіраваць ім афіцыйны запыт з усімі пытаннямі, што цікавяць Еўрарадыё.

Дарэчы, па словах Івана Уса, хоць арганізатары з’езда арыентуюцца на беларусаў, але не супраць, калі ўдзел у гэтым мерапрыемстве возьмуць і ўцекачы з Данбаса. А іх, па звестках Дэпартамента па грамадзянстве і міграцыі, звыш 20 тысяч чалавек. Тых, хто чамусьці вырашыў ад вайны ўцякаць не ва Украіну, а ў суседнюю краіну. 

Фота: Sergei Grits/AP, Еўрарадыё

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі