Сыцін: “Так званая ДНР/ЛНР не можа нічога, апроч як ваяваць”

Еўрарадыё: Вынікі перамоў у Мінску расійскія эксперты ацэньваюць па-рознаму: ад “Пуцін іх перайграў” да “Пуцін усіх здаў”. На вашу думку, што для Расіі азначаюць вынікі гэтых перамоў?

Аляксандр Сыцін: Нічога яны не азначаюць. Увогуле, у мяне з’явілася адчуванне, што нехта нечага недагаворвае. Пры ўсіх “дыпламатычных дасягненнях Крамля” хачу адзначыць: па сутнасці, была адноўленая сітуацыя, якая была ў выніку так званага “Мінска-1”, першых “мінскіх пагадненняў”. Ёсць пэўныя змены, тактычныя моманты, але відавочна адно: Пуцін не дабіўся таго, чаго хацеў. А хоча ён усталяваць кантроль над усёй Украінай. Ці, як мінімум, захаваць ва Украіне гэты тэрарыстычны гнайнік. Які не дазволіць ёй развівацца, праводзіць рэформы, атрымліваць інвестыцыі, інтэгравацца з ЕС. І з гэтага пункту гледжання ён не атрымаў нічога. Тады які быў сэнс парушаць першыя “мінскія пагадненні” і абстрэльваць Марыупаль, губіць людзей? Можна было і на тым этапе спыніцца. І таму я мяркую, хто Меркель і Аланд выставілі нейкія ультыматумы. Ускосна гэта пацвярджаецца тым, што Меркель заявіла, што санкцыі супраць Расіі змякчаць не трэба, а магчыма, іх неабходна пашырыць на шэраг фізічных і юрыдычных асоб.

Другі момант: Расія не дабілася нічога ў плане вяртання пазіцый, страчаных за мінулы год. Маю на ўвазе, што яна ні на крок не наблізілася, а яшчэ больш аддалілася ад сваёй мэты стаць сусветным цэнтрам сілы. Наадварот, эканоміка падарваная і працягвае дэградаваць. Мяркую, што Еўропа і ЗША разлічваюць на тое, што з кожным месяцам расійскі рэжым робіцца ўсё слабейшым і ўсё бліжэйшым да калапсу. І што ў выніку ён сам сабой разваліцца. Першае сцверджанне праўда: кожны новы дзень рэжым аслабляе. Але само па сабе нічога не разваліцца. Наадварот, чым больш будзе пагаршацца эканамічнае становішча, тым большая будзе агрэсіўнасць. Адпаведна, і цана бяспекі еўрапейскіх краін у выніку будзе вышэйшая, а не ніжэйшая, як разлічваюць у Бруселі, Парыжы і Берліне.

Еўрарадыё: Значыць, Еўропа ў выніку не дабілася таго, чаго хацела?

Аляксандр Сыцін: На сённяшні дзень Еўропа хацела дабіцца спынення агню, каб людзі перасталі ваяваць. І калі гэтыя пагадненні будуць выконвацца, то Еўропа гэтага дабілася. Але пытанне бяспекі, таго, што Расія апошнім часам праяўляе сябе, у тым ліку праз гэтыя дзве тэрарыстычныя рэспублікі, як агрэсар, яно не знятае. І калі не цяпер, то бліжэй да вясны, а не да вясны, дык да лета, гэта пытанне востра стане на павестцы дня.

Еўрарадыё: Але ж фактычна ў тых рэгіёнах ствараецца зона замарожанага канфлікту. Гэта зможа перашкодзіць развіццю і мадэрнізацыі Украіны?

Аляксандр Сыцін: Ёсць інфармацыя, што Украіна атрымае ад МВФ 16 мільярдаў долараў. Гэта азначае, што Еўропа працягвае Украіну падтрымліваць. І тое, што Меркель сказала наконт санкцый, таксама азначае, што падтрымка Украіны працягнецца. Што да замарожаных гнайнікоў, то тут Пуцін свайго дамогся, і я не разумею, чаму Еўропа падтрымлівае прызнанне суб’ектнасці гэтых утварэнняў. Праўда, рэч у тым, што немагчыма знайсці іншы кампраміс. Калі б размова ішла пра тое, каб тэрыторыю, якую кантралююць баевікі, нейкім чынам ізаляваць, гэта было б паловай пытання: праблема ў тым, што іх праграма максімум у тым, каб распаўсюдзіць свой уплыў цалкам на дзве вобласці. А гэтае пытанне невырашальнае, бо людзі не хочуць ні ў ДНР/ЛНР, ні ў Расію. І праз гэта пастаянна будуць узнікаць супярэчнасці.

Еўрарадыё: Вы сказалі, што вясной-летам трэба чакаць эскалацыі канфлікту. Гэта азначае, што ад ідэі “Наваросіі” Крэмль не адмаўляецца? Ці гэта будзе “мясцовая ініцыятыва”?

Аляксандр Сыцін: Перш за ўсё, цяжка правесці мяжу паміж Крамлём і мясцовымі “ўладамі”. Ізноў адбудзецца нейкая “правакацыя”, ізноў нехта высунецца да Марыупаля, ізноў Крэмль скажа, што расійскіх войск там няма. Цяпер “добраахвотнікі” на пэўны час разыдуцца, потым ізноў збяруцца, і гэты канфлікт будзе ўвесь час тлець. Украіне трэба гэтае пытанне вырашаць па-іншаму: у пэўны момант тэрыторыі, што кантралююцца баевікамі, проста агарадзіць і сказаць: “Мы ад гэтага адмаўляемся, хай існуюць самі па сабе”. І тады ўжо Масква будзе думаць, што з гэтым рабіць. Альбо гэта так і будзе тлець да бясконцасці. Цяпер мы маем дакладна такую ж сітуацыю, якая была пасля “ілавайскага катла”. Але галоўнае тое, што кантроль над Украінай не ўстаноўлены, і Расія ніякім чынам да гэтага не прасунулася.

Еўрарадыё: Украінскія эксперты ў каментарах Еўрарадыё выказваюць упэўненасць, што гэта не апошняя сустрэча перамоўнікаў розных узроўняў у беларускай сталіцы. Значыць, у выпадку, калі не будзе выканання пунктаў прынятага мемарандуму, перамовы працягнуцца і “крыж” на Пуціне Еўропа не паставіць?

Аляксандр Сыцін: Пакуль Еўропа крыж паставіць не гатовая. Я таксама лічу, што максімум будзе адведзеная цяжкая тэхніка. Але ўжо на патрыятычных расійскіх СМІ з’явіліся выказванні: “Цяжкая тэхніка будзе адведзеная, але ж пяхота застанецца, і таму ваенныя дзеянні могуць быць адноўленыя ў любы момант”. І гэта сітуацыя палітычна-дыпламатычнага рашэння не мае. Тым не менш Еўропа будзе раз за разам спрабаваць вырашыць гэта пытанне дыпламатычным шляхам і раз за разам будзе атрымліваць паразу. І колькі часу ім спатрэбіцца, каб гэта зразумець? Ну, я думаю, да прэзідэнцкіх выбараў у ЗША. Так яно і будзе на Данбасе працягвацца: зімовая кампанія — летняя кампанія. Бакі пастаянна выпрабоўваюць адзін аднаго на трываласць. Відавочна, што ДНР/ЛНР не можа нічога, апроч як ваяваць. Яны не могуць нармалізаваць жыццё, не могуць стварыць прывабнай мадэлі. Калі сёння жыццё ў Расіі не з’яўляецца прывабнай мадэллю, то гэта ўвогуле такі кавалак пекла! Менавіта таму яны будуць працягваць рабіць тое, што яны ўмеюць, — ваяваць. А ваяваць яны ўмеюць хутчэй за ўсё нядрэнна.

Еўрарадыё: Віталь Портнікаў робіць наступны прагноз: “І падчас спынення агню расійскі бок будзе ўчыняць нейкія правакацыі альбо распачынаць новыя гібрыдныя войны. Прычым неабавязкова толькі на ўкраінскай тэрыторыі”. Вы з гэтым згодныя? Якія гэта могуць быць тэрыторыі?

Аляксандр Сыцін: Я цалкам разумею вашу занепакоенасць! Адкажу вельмі асцярожна: я спадзяюся на тое, што Расія падлічыць рэсурсы і зразумее, што гэтага рабіць нельга. У нейкіх формах Расія безумоўна будзе падтрымліваць ДНР/ЛНР. І будзе чарговы раунд чарговых перамоў, чарговыя спробы замірэння. Непасрэднай небяспекі ўжо цяпер я не бачу ні для Беларусі, ні для Прыбалтыкі. Але гіпатэтычна такая небяспека ёсць, бо існуе агрэсіўны рэжым. Які паставіў за мэту як мінімум адсунуць NATO як мага далей ад сваіх межаў. А як максімум — аднавіць свой уплыў на тэрыторыях, якія лічыць гістарычна з сабой звязанымі.

Еўрарадыё: Асобныя беларускія эксперты кажуць пра дыпламатычны прарыў, які здзейсніў афіцыйны Мінск у кірунку Еўропы…

Аляксандр Сыцін: Я нейкага вялікага прарыву не бачу. Прарыў, калі казаць пра рэальную еўрапейскую інтэграцыю Беларусі, магчымы толькі пасля прэзідэнцкіх выбараў. Пры гэтым я не лічу, што абавязковай умовай для гэтага з’яўляецца сыход Лукашэнкі. Абавязковая ўмова — гатоўнасць Лукашэнкі да гэтай інтэграцыі. Час да прэзідэнцкіх выбараў будзе скарыстаны на тое, каб зразумець, наколькі намеры Аляксандра Рыгоравіча сур’ёзныя ў гатоўнасці да еўрапейскай інтэграцыі. Тут шмат залежыць ад беларускага боку: калі будуць зробленыя крокі добрай волі — гэты працэс працягнуцца. Еўропа ў любым выпадку дачакаецца вынікаў выбараў. Калі Лукашэнка застанецца, то працягнецца паступовая еўраінтэграцыя Беларусі. Калі прыйдзе іншы чалавек, то, магчыма, гэтыя працэсы пойдуць хутчэй. У любым выпадку ні ў Беларусі, ні ў Еўрасаюза няма іншага выйсця, апроч паступовай еўраінтэграцыі Беларусі. Ну, не з Расіяй жа вам цяпер інтэгравацца!

Еўрарадыё: І што, Расія нас так лёгка адпусціць еўраінтэгравацца?

Аляксандр Сыцін: Безумоўна, не! І безумоўна, гэта будзе сур’ёзная барацьба. Бо нават гіпатэтычная магчымасць размяшчэння ракет NATO непадалёк ад Смаленска прывядзе крамлёўскі рэжым у жах. Але ў Беларусі, як і ва Украіны, іншага выйсця няма: усё адно давядзецца, хай паступова і павольна, з саступкамі ці пэўнымі перыядамі нейкіх кампрамісаў і вяртанняў, але калі Беларусь хоча захоўваць свой суверэнітэт і хоча развівацца, то вектар яе развіцця ўсё адно будзе ісці праз еўрапейскую інтэграцыю. Хаця б таму, што там эканамічнае развіццё ёсць, а тут яго ўвогуле няма. Расія можа сёння і ў найбліжэйшай перспектыве выступаць толькі ў якасці рынка збыту беларускіх тавараў і крыніцай энерганосьбітаў. Усё! Уласна развіцця ў гэтай схеме не закладзена ў прынцыпе. Развіццё закладзенае толькі ў еўрапейскай інтэграцыі — іншага шляху няма. 

Фота: АР і  www.shatilin.com

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі