Сям’і інвалідаў з Івацэвічаў дазволілі гадаваць дзіця

Сямейная пара інвалідаў з Івацэвічаў атрымала дазвол на гадаванне свайго здаровага дзіця. Як паведамляе Офіс па правах людзей з інваліднасцю, адмененае рашэнне УКК, паводле якога Ганна і Анатоль Бахуры не могуць выконваць свае бацькоўскія абавязкі. Цяпер Ганна разам са сваім сынам Косцем могуць нарэшце паехаць дадому.

Учора жанчына атрымала афіцыйны адказ з подпісам выканаўцы абавязкаў галоўнага лекара Івацэвіцкай цэнтральнай раённай лякарні. Міністэрства аховы здароўя правяло пасяджэнне цэнтральнай урачэбна-кансультацыйнай камісіі ўпраўлення аховы здароўя Брэсцкага аблвыканкама, па выніках якога ранейшыя рашэнні адмененыя. Установа аховы здароўя прынесла “шчырыя прабачэнні за прынесеныя нязручнасці” і гатовае па неабходнасці ў далейшым аказваць медыцынскую і іншую дапамогу маці і дзіця.

Ці могуць у краінах ЕС адабраць дзіця ў бацькоў-інвалідаў, як у Беларусі?

37-гадовая жыхарка Івацэвічаў Ганна Бахур, якая мае паталогіі развіцця канцавінаў, месяц таму нарадзіла здаровага хлопчыка, але медыкі не сталі выпісваць маці і дзіця дадому, бо паводле правілаў чалавек з такім дыягназам не можа выконваць бацькоўскія абавязкі. Муж Ганны таксама інвалід, у яго ДЦП. Тым не менш пара паспяхова сябе абслугоўвае і не мае жыллёвых праблем. Аднак паводле нарматыўных актаў дзіця падлягала адабранню з сям’і — хлопчыка маглі перадаць пад апеку іншым людзям.

Гісторыя сям’і Бахураў набыла вялікі розгалас. 19 жніўня лякарню, дзе Ганна знаходзілася з дзіцем, наведала міністр працы Марыяна Шчоткіна. Тады чыноўніца заявіла, што ў падобных выпадках трэба практыкаваць індывідуальны падыход у вырашэнні такіх праблем. Чыноўніца тады выказала меркаванне, што такую маці нельга пазбаўляць дзіця.

Фота: БелТА

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі