Свячэнне над Кіевам і чарговая атака расійскіх дронаў — 421-я раніца вайны

Украінская сістэма СПА гэтай ноччу знішчыла 10 з 11 расійскіх дронаў / @MykolaOleshchuk
Украінская сістэма СПА гэтай ноччу знішчыла 10 з 11 расійскіх дронаў / @MykolaOleshchuk

Гэтай ноччу на паўднёвым усходзе Украіны зноў працавала сістэма СПА — збівала расійскія дроны. Было знішчана 10 з 11 беспілотнікаў, паведамляе камандаванне ўкраінскіх паветраных сіл. Са слоў камандуючага Мікалая Аляшчука, у ноч на 20 красавіка расіяне атакавалі Украіну ўдарнымі дронамі Shahed-136/131 і кіраванымі авіябомбамі. Паветраная трывога ў Запарожскі вобласці доўжылася амаль 5 гадзін, а ў Днепрапятроўскай — 3 гадзіны, адзначае Hromadske.

Нагадаем, у ноч на 19 красавіка расіяне атакавалі дронамі Адэскую вобласць. Тады былі збітыя 10 з 12 дронаў. На думку экспертаў з Інстытута вывучэння вайны (ISW) "расійскія войскі працягваюць выкарыстоўваць беспілотнікі Shahed і іншыя сістэмы нізкай дакладнасці, каб кампенсаваць скарачэнне паставак высокадакладных боепрыпасаў".

Учора позна ўвечары незвычайнае свячэнне назіралі над Кіевам. Па словах начальніка Кіеўскай гарадской ваеннай адміністрацыі Сяргея Папко, папярэдне прычынай гэтага святлення было падзенне на зямлю касмічнага спадарожніка NASA. А паветраную трывогу абвясцілі, каб пазбегнуць ахвяр ад падзенняў на зямлю абломкаў. Супрацьпаветраная абарона ў гэты час не працавала. Паводле версіі камандавання паветраных Украіны, успышкі над Кіевам былі звязаныя з падзеннем спадарожніка або метэарыта.

У NASA ўжо зняпраўдзілі заяву Кіеўскай гарадской вайсковай адміністрацыі аб тым, што яркая ўспышка ў небе над сталіцай Украіны ўзнікла праз падзенне спадарожніка NASA. Навукоўцы мяркуюць, што гэта быў балід (метэор). Пра гэта піша Reuters.

Свечение над Киевом и очередная атака российских дронов — 421-е утро войны
Успышка ў небе над Кіевам / @uniannet

Да сітуацыі на фронце. Расіяне нясуць вялікія страты, але спрабуюць наступаць на пяці кірунках: Ліманскім, Бахмуцкім, Аўдзееўскім, Мар'інскім і Шахцёрскім, кажуць у Генеральным штабе УСУ. "За мінулыя суткі на названых участках фронту падраздзяленні сіл абароны Украіны адбілі больш за 55 нападаў праціўніка. Самыя жорсткія баі ідуць за Бахмут і Мар'інку", гаворыцца ў ранішняй зводцы Генштаба.

Прадстаўнікі так званай ДНР напярэдадні казалі, што расійскія сілы кантралююць каля 90% Бахмута. Між тым у ISW са спасылкай на ўласную сістэму "Кантроль мясцовасці" кажуць, што гэты паказчык складае 87,9%. У справаздачы Інстытута таксама прыводзяцца словы расійскі ваенкорра, які кажа, што расійскія войскі выкарыстоўваюць фугасныя бомбы. Гэтыя бомбы скідаюць з паветра для знішчэння ўкраінскіх умацаваных раёнаў у Бахмуце. Расійскія крыніцы таксама сцвярджаюць, што іх войскі прасоўваюцца і ў Мар'інцы.

Тым часам у Міністэрстве абароны Украіны заявілі, што пэўныя контрнаступныя дзеянні УСУ ўжо пачаліся. І пра "пачатак контрнаступлення" ніхто папярэджваць не будзе. Гэта сказала намесніца міністра Ганна Маляр. Яна адзначыла, што контрнаступленне — гэта не толькі актыўныя наступальныя дзеянні, гэта велізарны комплекс розных дзеянняў і мер: падрыхтоўка тэхнікі, падрыхтоўка людзей (і да абарончых, і да наступальных дзеянняў), актыўная падрыхтоўка рэзерваў, фарміраванне пэўнай тактыкі — планаў "А", "Б", "В".

Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі напярэдадні быў на мяжы з Беларуссю ў Валынскай вобласці. Ён наведаў памежны ўчастак, дзе сыходзяцца межы Украіны, Польшчы і Беларусі. У выніку традыцыйны вячэрні відэазварот украінскі прэзідэнт запісаў з тамбура цягніка, калі вяртаўся з гэтай паездкі. Са слоў Зяленскага, "Валынь дэманструе сапраўдную трываласць, і гэта адчуваецца ў тым, як рэгіён узмацняе бяспеку ўсёй дзяржавы".

Зяленскі таксама распавёў, што правёў у Валыні вялікую нараду з кіраўнікамі рэгіёну, мясцовымі праваахоўнікамі, вайскоўцамі і "усімі, хто адказвае за бяспеку і сацыяльнае становішча вобласці".

"Дамовіліся аб некалькіх інфраструктурных праектах, якія ўзмоцняць Валынь — гэта важна — і дазволяць гарантаваць доўгатэрмінова працоўныя месцы і эканамічны рост. Упэўнены, усё гэта мы абавязкова рэалізуем. Вельмі хутка", — заявіў украінскі прэзідэнт.

У ЗША абвясцілі новы пакет вайсковай дапамогі для Украіны. Яго кошт складзе да 325 мільёнаў долараў. Пра гэта паведаміла прэс-сакратар Белага дома Карын Жан-П'ер.

"Гэта будзе 36-е прэзідэнцкае вылучэнне дапамогі ў падтрымку Украіны", — сказала прэс-сакратар. Новы пакет дапамогі будзе ўключаць больш боепрыпасаў для сістэм HIMARS, ракетных і супрацьтанкавых сістэм, а таксама дадатковыя артылерыйскія снарады.

Аўстрыя ўсё ж такі дапаможа Украіне ў размініраванні тэрыторый. Раней у Вене адмаўляліся разглядаць такую магчымасць праз нейтралітэт. Аб дапамозе ў размініраванні расказаў міністр замежных спраў Аўстрыі Аляксандр Шаленберг у інтэрв'ю "Укрінфарму".

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі