Сведка ДТЗ з удзелам байкера і інспектара: Ён двойчы ўдарыў яго колам па назе

Сведка ДТЗ з удзелам байкера і інспектара: Ён двойчы ўдарыў яго колам па назе

У судзе Цэнтральнага раёна Мінска працягваецца суд над байкерам Сяргеем Шаўцовым, які ў красавіку трапіў у ДТЗ з інспектарам ДАІ Уладзімірам Таўпінцом. У якасці сведак паказанні далі людзі, якія бачылі здарэнне.

37-гадовы інжынер-канструктар Павел Бяссон ехаў на БМВ па праспекце Машэрава у бок кінатэатра “Мір”. Стаяў у крайнім левым шэрагу на чырвоным святле. Вось што ён распавёў:

“Я бачыў, як з боку трамвайных шляхоў пад’ехаў матацыкліст. Бачыў справа патрульную машыну ДПС. Адразу падумаў, што яго спыняць. Інспектар падбег хуткім крокам, прадставіўся, левай рукой паказаў яму жэст, напэўна, каб матацыкліст з’ехаў. Я стаяў, назіраў, было цікава. І ў іх быў невялікі дыялог. Затым паследаваў першы рывок. Інспектар паспрабаваў яго ўтрымаць. Схапіўся за руль правай рукой. Потым здарыўся другі рывок. Байкер пацягнуў інспектара і потым было сутыкненне з інкасатарскай машынай. У машыне са мной сядзела маці, яна каментавала: “Глядзі, што ён робіць! Глядзі, ён пацягнуў яго!”.

Трэба сказаць, што падчас дачы паказанняў сведка Бяссон сказаў шмат хвалебнага і паважлівага ў бок службы ДАІ і неаднаразовы спрабаваў "троліць" адвакатаў матацыкліста.  

Выказаліся яшчэ два сведкі. Гэта мужчыны, якія прыбіралі аўтобусны прыпынак:

“Пад’ехаў матацыкл, спыніўся. Гарэў чырвоны святлафор. Потым справа падышоў супрацоўнік ДАІ. Пачаў гутарыць з кіроўцам матацыклу. Чуў, што супрацоўнік ДАІ папрасіў заглушыць рухавік. Далей гутарку не чуў. Матацыкл трошкі дзёрнуўся наперад, на паўметра-метр, спыніўся. Потым гутарка была, пра што, не ведаю (так доўга гутарка цягнуцца не магла, бо яна б спыніла рух на трамвайных шляхах — Еўрарадыё). Цягнулася хвіліну, можа, больш. Супрацоўнік ДАІ трымаўся за руль з правага боку. Пасля мне здалося, што даішнік хацеў дастаць ключ запальвання. І ў гэты час — матацыкл "па газах", выляцеў на дарогу і ўрэзаўся ў інкасатарскую машыну".

У дадатковых пытаннях сведка сказаў, што, нібыта, бачыў, як Шаўцоў перашкаджае інспектару даставаць ключ з замка запальвання. Праўда, пацвердзіць гэта на 100% ён не змог, узгадаць, якая гэта рука, таксама не змог.

Кіроўца трамвая, якая выступіла ў судзе, расказала, што бачыла няшмат. “Матацыкліст двойчы ўдарыў інспектара колам па назе (выглядае, што падчас двух рыўкоў, якія мог здзейсніць матацыкліст — Еўрарадыё). Адна рука інспектара была на рулі. А потым матацыкліст паехаў, разам з супрацоўнікам ДАІ”, — сказала жанчына.  

На заўвагі адвакатаў пра тое, што “ўдару коламі па назе” насамрэч магло не быць, сведка выказалася, што было прынамсі “касанне матацыклам па назе”.

Сведка ДТЗ з удзелам байкера і інспектара: Ён двойчы ўдарыў яго колам па назе
Байкер у зале суда.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі