Сваякі падазраванага ў серыйных згвалтаваннях: “Ён працавіты, усім дапамагаў”

Сваякі падазраванага ў серыйных згвалтаваннях: “Ён працавіты, усім дапамагаў”

У Беларусі затрымалі падазраванага ў серыйных згвалтаваннях. Па версіі праваахоўнікаў, Алег Б. жыў на дзве краіны: Расію і Беларусь, і мог здзейсніць больш за паўсотні нападаў на жанчын.

Па колькасці рэцыдываў падазраваны мог пераплюнуць жахлівага маньяка з Віцебшчыны Генадзя Міхасевіча, які ў 70-х і 80-х здзейсніў 36 даказаных забойстваў. Што праўда, Алег Б. сваіх ахвяр не забіваў. Ён адбіраў у іх каштоўныя рэчы і гвалціў.

Еўрарадыё выслухала прадстаўнікоў МУС і Следчага камітэта, звязалася са стрыечным братам падазраванага і прагледзела сямейныя фота.

Сваякі падазраванага ў серыйных згвалтаваннях: “Ён працавіты, усім дапамагаў”
З другой жонкай.

***

Алег Б. нарадзіўся ў Іванаўскай вобласці Расіі. У пяць гадоў пераехаў у Брэсцкую вобласць, дзе пражыў да 1989-га. Пасля з’ехаў у Маскву. Але вельмі часта наведваўся ў Беларусь да сваякоў.

Першая жонка падазраванага, Ірына, сёння жыве ў Белаазёрску. З ёй Алег Б. мае ўжо дарослага сына Аляксандра. З другой жонкай, якая таксама мае беларускія карані, падазраваны гадаваў васьмігадовую дачку Вераніку.

“Тое, што ён затрыманы, ведаем. Тое, што праводзяць расследаванне, ведаем. Няхай праводзяць. Але ў тое, што пішуць, мы не верым, — выказваецца Еўрарадыё стрыечны брат падазраванага (мужчына жыве пад Баранавічамі). — Алег — нармальны чалавек, працавіты. Пакуль тут бываў, абсалютна ўсім дапамагаў, хто прасіў. Тут у яго маці. У дачкі — бабуля. Таму ён сюды часта ездзіў”.

Пад Бярозай, дзе ў падазраванага жыве маці, здараліся многія згвалтаванні. У Санкт-Пецярбургу Алег Б., паводле папярэдняй інфармацыі, дзейнічаў у Англійскім парку і ў парку каля Чырвонай сажалкі.

У прыцэл серыйнага гвалтаўніка ў названых месцах траплялі ў тым ліку непаўнагадовыя.

Па вялікім рахунку падазраваны беспакарана дзейнічаў цягам 20 гадоў. Але сёлета ў пачатку лістапада яго па прыбыцці ў Брэсцкую вобласць затрымалі. Перад гэтым расійскія следчыя прыйшлі на працу да Алега Б. і цішком атрымалі з яго службовага “Мэрсэдэса Спрынтар” узоры ДНК. Па ўсіх злачынствах яны супалі.

Пасля затрымання Алега Б. у Беларусі расійскія следчыя завіталі ў яго піцерскую кватэру. Там знайшлі ўпрыгожванні, якія былі адабраныя ў некаторых ахвяраў. 

Расійскі журналіст: Гвалтаўніка маглі спыніць раней

Аўтар папулярнага піцерскага партала fontanka.ru Яўген Вышанкоў атрымаў інфармацыю, што ў 2007 годзе Алега Б. затрымалі за серыю згвалтаванняў у маскоўскіх парках Тушына. Але прызналі неадэкватным і накіравалі на прымусовае лячэнне. Такім чынам, ў 2009 годзе Алег Б. зноўку апынуўся на волі.

Стрыечны брат падазраванага сцвярджае Еўрарадыё, што пра названы перыяд беларускія сваякі маюць зусім іншую інфармацыю:

“Наколькі мы чулі, Алег проста трапіў у аварыю і доўга знаходзіўся на лячэнні ў бальніцы. Больш мы не ведаем нічога”.

Сваякі падазраванага ў серыйных згвалтаваннях: “Ён працавіты, усім дапамагаў”

Падазраваны стварае ўражанне добрага сем’яніна, мысляра, прыхільніка здаровага ладу жыцця

Алег Б. не любіў фігураваць у сацыяльных сетках. Прынамсі, пад сапраўдным іменем. Але Еўрарадыё ўдалося знайсці адну са старонак падазраванага.

Мужчына любіў выстаўляць фота з дзецьмі. Пры гэтым відавочна, што ён падтрымліваў нармальныя адносіны з першай жонкай, з якой даўно разышоўся.

“Не сказаў бы пра тое, што ён быў нейкім заядлым чалавекам у плане шкодных звычак. Як звычайны славянін любіў часам выпіць, але без перабольшвання”, — так апісвае Алега Б. стрыечны брат. 

На працы падазраванаму далі станоўчую характарыстыку: не п’е, не паліць, займаецца ў трэнажорнай зале.

“Навучыцеся заплюшчваць вочы. Так лёгка, калі няма ў сэрцы злосці”, — сярод іншага напісана ў апошнім статусе Алега Б. на старонцы ў сацсетках.

Сваякі падазраванага ў серыйных згвалтаваннях: “Ён працавіты, усім дапамагаў”

Чаму падазраванага ў згвалтаваннях лавілі больш за 20 гадоў?

“Ён прызнаецца, што здзяйсняў гэтыя злачынствы ўжо з 1994 года”, — паведамляе інфармацыю Віктар Юзафовіч, намеснік начальніка Галоўнага ўпраўлення крымінальнага вышуку МУС.

Праваахоўнікі патлумачылі, якія фактары ўскладнялі ідэнтыфікацыю падазраванага.

“У Беларусь ён прыязджаў эпізадычна па сваіх уласных справах, што ўскладняла яго пошук”, — падкрэслівае Дзмітрый Курчэўскі, следчы па асабліва важных справах Следчага камітэта.

Сваякі падазраванага ў серыйных згвалтаваннях: “Ён працавіты, усім дапамагаў”

Аляксандр Турбан, начальнік аддзела па раскрыццю злачынстваў супраць асобы МУС, дадае, што падазраваны добра блытаў сляды. Мог згвалтаваць ахвяру ў Расіі і тут жа паехаць у Беларусь, ці наадварот.

“Пацярпелыя звярталіся ў праваахоўныя органы не адразу пасля здзяйснення злачынства. У шэрагу выпадкаў — праз некалькі сутак. Тым самым ускладнялася праца па гарачых слядах. У гэты момант падазраваны ўжо з’язджаў за межы Беларусі”, — кажа Турбан.

Міліцыя просіць ахвяраў і іншых грамадзян, якія валодаюць інфармацыяй датычна Алега Б., паведаміць пра гэта. 

Сваякі падазраванага ў серыйных згвалтаваннях: “Ён працавіты, усім дапамагаў”

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі