Суд пакінуў без зменаў рашэнне экспертаў пра "экстрэмізм" у кнігах Пазняка

Суд пакінуў без зменаў рашэнне экспертаў пра "экстрэмізм" у кнігах Пазняка

У Брэсце прайшоў разгляд справы "экстрэмісцкіх" кніг Зянона Пазняка, палітэмігранта, кіраўніка Кансерватыўна-хрысціянскай партыі БНФ. Па два экземпляры кніг "Добрая фатаграфія" і "Абарона Курапатаў. Народны мемарыял" былі канфіскаваныя ў Алеся Чахольскага (27 верасня 2015 года ў пункце мытнага афармлення "Брэст-Цэнтральны").

Адказны сакратар Кансерватыўна-хрысціянскай партыі БНФ вяртаўся з Польшчы, дзе і набыў гэтыя кнігі. Іх накіравалі ў экспертную камісію Брэсцкай вобласці па ацэнцы інфармацыйнай прадукцыі на прадмет наяўнасці або адсутнасці ў ёй прыкмет праявы экстрэмізму. Згодна з заключэннем камісіі ад 26 кастрычніка, у кнігах прысутнічаюць прыкметы экстрэмізму.

Суд Ленінскага раёну Брэста пачаў разглядаць скаргу Алеся Чахольскага ў панядзелак. Актывіст КХП БНФ дамагаўся адмены рашэння экспертнай камісіі аб экстрэмісцкім характары кніг, а таксама іх вяртання. Рашэнне па гэтай справе суддзя Алена Кавальчук абвесціла 23 лютага. Суд пастанавіў, што паседжанне экспертнай камісіі было правамоцным і падставаў для вяртання праекта на дапрацоўку не маецца. Скарга не была задаволена.

Алесь Чахольскі з такім рашэннем не згодны. Ён кажа, што гэта не юрыдычнае і не прававое рашэнне, а палітычнае. Па словах Чахольскага, рашэнне суддзі Кавальчук ён збіраецца абскардзіць у Брэсцкім абласным судзе.

Кніга "Добрая фатаграфія" з'яўляецца зборнікам фатаграфічных эсэ пра фотаздымкі з краін Еўропы і Амерыкі з сярэдзіны XIX стагоддзя і да нашых дзён. Кніга "Абарона Курапатаў. Народны мемарыял" — зборнік артыкулаў, успамінаў і фотаздымкаў, прысвечаных тэме абароны месца масавага пахавання ахвяраў сталінскіх рэпрэсій.

Суд пакінуў без зменаў рашэнне экспертаў пра "экстрэмізм" у кнігах Пазняка
Алесь Чахольскі. Фота: Еўрарадыё

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі