Стваральнік мапы станаўлення Беларусі: Хацеў зрабіць шпаргалку па гісторыі

Стваральнік мапы станаўлення Беларусі: Хацеў зрабіць шпаргалку па гісторыі

Малады мінскі дызайнер Аляксей Чаранкевіч стварыў інтэрактыўную мапу Беларусі, на якой можна ўбачыць змяненне межаў нашай краіны з 1240 года да сённяшніх дзён.

Стваральнік мапы станаўлення Беларусі: Хацеў зрабіць шпаргалку па гісторыі

Еўрарадыё: Што наштурхнула вас на стварэнне праекта?

Аляксей Чаранкевіч: Пэўны час таму я вырашыў абнавіць свае веды па гісторыі. Узяў кніжку Уладзіміра Арлова, ілюстраваную гісторыю Беларусі. Чытаў яе. І ў пэўны момант зразумеў, што пачынаю блытацца, што мне бракуе шпаргалкі па гэтым. Я працую дызайнерам, таму адразу з’явілася ідэя візуалізаваць гісторыю Беларусі.

З аднаго боку, гэты праект мусіў дапамагчы мне лепш разабрацца ў гісторыі краіны, а з другога, вырашыць цікавую прафесійную задачу.

Цэлы год я насіў гэтую ідэю, як і што лепей зрабіць. А потым прыйшло разуменне, як гэта можна візуалізаваць, і мы з сябрамі пачалі ажыццяўляць ідэю. Галоўная мэта праекта — адукацыйная. Мы наўмысна арыентаваліся толькі на агульнавядомыя факты, якія ёсць у падручніках, на Вікіпедыі. Бо мы не прафесійныя гісторыкі, каб залазіць надта глыбока. Таму праект гэты — аматарскі. 

Стваральнік мапы станаўлення Беларусі: Хацеў зрабіць шпаргалку па гісторыі
Выява: letapis.by

Еўрарадыё: На вашу аматарскую думку, найбольш аптымальная плошча для Беларусі адпавядае якой эпосе?

Аляксей Чаранкевіч: Не ведаю. Я так і не разабраўся. Гэта надта складанае пытанне. Візуалізацыя і глыбокае пагружэнне ў гісторыю, натуральна, адказалі мне на шмат якія пытанні. Але гэтае пытанне вельмі складанае, каб вырашыць яго інфаграфікай.

Еўрарадыё: З якіх месцаў наведваюць праект больш за ўсё?

Аляксей Чаранкевіч: Пакуль мы не аналізавалі наведвальнасць. Мы зрабілі тры версіі: беларускую, рускую і англійскую. І калі глядзець па актыўнасці ў сацыяльных сетках, больш за ўсё лайкаў і перапостаў на беларускамоўнай версіі. Складаецца ўражанне, што менавіта беларусам гэты праект найбольш цікавы. Але вельмі шмат маіх сяброў з Расіі і Украіны дзеляцца мапай у сацыяльных сетках, прытым менавіта беларускамоўнай версіяй.

Стваральнік мапы станаўлення Беларусі: Хацеў зрабіць шпаргалку па гісторыі
Выява: letapis.by

Еўрарадыё: Ці ёсць планы на наступныя праекты такога кшталту?

Аляксей Чаранкевіч: Мы з маім сябрам Віктарам Якуніным, які ў гэтым праекце выступіў менеджарам, вельмі шмат ездзім па Беларусі. Шукаем цікавыя артэфакты, замкі, палацы. Я б заняўся тэмай замкаў, але адначасова мне хацелася б скончыць і пытанне з помнікамі архітэктуры, якія захаваліся ў Беларусі. Дамен letapis.by можа стаць пляцоўкай, дзе будзе размешчаная не толькі мапа, але і ў нейкім выглядзе гід па архітэктуры, лонг-рыды пра нашых землякоў.

Стваральнік мапы станаўлення Беларусі: Хацеў зрабіць шпаргалку па гісторыі
Выява: letapis.by

Еўрарадыё: Вы лічыце гэты праект паспяховым?

Аляксей Чаранкевіч: Калі гэтай мапай атрымаецца прывіць цікавасць да гісторыі Беларусі, для мяне гэта будзе поспех. Некалькі чалавек мне менавіта пра гэта і напісала, таму мой уласны крытэр дасягнення поспеху выкананы. Калі хаця б 2, 10, 100 чалавек зацікавіцца гісторыяй Беларусі, ужо будзе добра. А іншых эфектаў можа быць колькі заўгодна, яны могуць быць непрадказальныя. Я буду толькі рады ім.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі