Стэфановіч: Калі з вязняў не знялі судзімасць, іх могуць вярнуць за краты

Пакуль не вядома, ці было для шасці экс-палітвязняў памілаванне са скасаваннем судзімасці. Бо калі судзімасць з іх не знялі, то гэтыя людзі не маюць права не толькі, напрыклад, удзельнічаць у якасці кандыдатаў на бліжэйшых парламенцкіх выбарах. Яны будуць знаходзіцца пад прэвентыўным наглядам ды мець іншыя “радасці знаходжання на свабодзе з нескасаванай судзімасцю”.  

“І мы ведаем прыклады, калі чалавек, які знаходзіцца пад прэвентыўным наглядам, ізноў вяртаецца за краты”, — кажа праваабаронца Валянцін Стэфановіч.

Апроч таго, па словах Стэфановіча, нягледзячы на тое, што ўсе зняволеныя, якія былі ў спісе палітвязняў праваабаронцаў, на сёння ўжо вызваленыя, нельга ўпэўнена казаць, што палітвязняў у краіне больш няма. Тое, як сёння Следчы камітэт падае так званую “справу графітыстаў”, дае праваабаронцам падставы заяўляць, што справа гэтая — палітычна матываваная.

Стэфановіч: “Учора Следчы камітэт распаўсюдзіў заяву, дзе сцвярджаецца, што гэтыя хлопцы-графітысты нібыта распаўсюджвалі праз інтэрнэт заявы экстрэмісцкага характару, якія абражаюць ветэранаў Другой сусветнай вайны. Але ў абвінавачваннях, якія ім выставілі, нічога гэтага няма, там ідзе выключна гаворка пра хуліганскія дзеянні, пашкоджанне маёмасці і гэтак далей. Заўважце, заявы СК з’яўляюцца ў той час, калі адвакат затрыманых графітыстаў быў вымушаны падпісаць згоду “аб неразгалошванні”. А СК справу каментуе, ствараючы да яе фігурантаў адпаведнае стаўленне ў грамадстве. Усё гэта дае нам падставы казаць пра тое, што справа гэта палітычна матываваная”.

Праваабаронца звяртае ўвагу на тое, што існуючая ў краіне сістэма не дае магчымасці быць упэўненым у тым, што заўтра за кратамі не з’явяцца новыя палітвязні. Бо ў Крымінальным кодэксе, кажа Стэфановіч, застаюцца, напрыклад, артыкулы, якія прадугледжваюць пакаранне за дзеянне ад імя незарэгістраванай арганізацыі, ды шэраг іншых.

Што да ўжо вызваленых палітвязняў, то тут, кажа праваабаронца, застаецца пытанне: іх памілаванне — гэта толькі вызваленне з-за кратаў, ці яно прадугледжвае і зняццё судзімасці?

Нагадаем, 22 жніўня стала вядома, што Аляксандр Лукашэнка памілаваў шасцярых палітвязняў: Мікалая Дзядка, Ігара Аліневіча, Міколу Статкевіча, Яўгена Васьковіча, Арцёма Пракапенку і Юрыя Рубцова. У паведамленні адзначаецца, што рашэнне пра іх памілаванне кіруецца “прынцыпам гуманізму”.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі