"Ставілі на сцяг, білі ўсім кабінетам" — ліст ад палітзняволенай

Палітвязні, ілюстрацыйнае фота

Палітвязні, ілюстрацыйнае фота / novychas.online

Палітзняволеная Кацярына Новікава даслала знаёмым ліст, урыўкі якога публікуе "Белсат". На кавалку туалетнай паперы яна апісала сваё затрыманне і далейшае зняволенне.

Па словах жанчыны, пасля затрымання яе вазілі ў будынак вуліцы Рэвалюцыйнай у Мінску — там размяшчаецца ГУБАЗіК.

"Ставілі на сцяг, білі ўсім кабінетам. Сказалі, што за мае інтэрв'ю, канал і за мае палымяныя звароты. У маёй першай адвакаткі, падобна, сын працуе ў ГУБАЗіК (але гэта не дакладна)".

"Маімі пацярпелымі з'яўляюцца тыя, ад каго я пацярпела ў 2020-м. Два апошнія адвакаты ў мяне ніякія. Бесяць".

"Вельмі шмат палітычных тут, але многія з іх выпадкова палітычныя і стучаць адзін на аднаго. Мама агаварыла мяне следаку, я ў шоку была".

"Я ўпала з другога паверха ложка, галавой аб драўляную краму. Здымак зрабілі, але больш за месяц не паведамляюць вынік".

Кацярыну Новікаву затрымалі на пачатку лета 2023 года. Да першай перадачы ад родных яна была ў СІЗА ў адной начной кашулі.

Жанчыну абвінавацілі паводле сямі артыкулаў Крымінальнага кодэксу — за перадачу пратэсным рэсурсам звестак пра дзяржслужбоўцаў. Ёй прысудзілі 6,5 года зняволення і штраф у 3000 рублёў — кампенсацыю "пацярпелым". Праваабаронцы прызналі яе палітзняволенай.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі