Справу аб высяленні адзінокай маці ў Магілёве адправілі на перагляд

У Магілёве суд адправіў на перагляд справу па высяленні адзінокай маці з двума дзецьмі з інтэрната. Адпаведнае рашэнне 23 красавіка прыняла калегія па грамадзянскіх справах Магілёўскага абласнога суда пад старшынствам суддзі Святланы Стэльмаховай.

У рашэнні Ленінскага раённага суда Магілёва суддзі вышэйшай інстанцыі ўбачылі аднабокасць і неаб’ектыўнасць.

Сітуацыю каментуе Ірына Ільінская, жанчына, якую адміністрацыя будаўнічага трэста №12 ужо некалькі месяцаў спрабуе выселіць з падуладнага ім інтэрната:

“Адправілі справу на перагляд. Суддзя мне дала зразумець, што будаўнічы трэст катэгарычна супраць таго, каб мы там заставаліся жыць і сказала, каб пакуль ідзе перагляд нашай справы, мы самастойна вырашылі наша жыллёвае пытанне. Якім чынам мы будзем яго вырашаць, я не ведаю. Нам ніхто не дае іншага жылля”.

Жанчына пражывае разам з двума непаўналетнімі дзецьмі двух і васьмі год. Цяпер яна знаходзіцца ў дэкрэтным адпачынку і не мае магчымасці пайсці на працу ў іншае месца.

Пасля раённага суда Ірына Ільінская напісала шэраг скаргаў у розныя дзяржаўныя інстанцыі, аднак яны не паспяшаліся ёй дапамагаць у вырашэнні жыллёвага пытання.

“Два тыдні таму да мяне прыходзіла жанчына з аблвыканкама, яшчэ адна з гарвыканкама, дзве з адміністрацыі і два сацыяльныя педагогі. Яны глядзелі, у якіх умовах я жыву. Яны ўзялі копію рашэння раённага суда, аднак, дагэтуль не далі мне ніякага адказу”, — абураецца Ірына Ільінская.

Дапамагалі адзінокай маці бараніць свае правы прадстаўнікі магілёўскага аддзялення незалежнага Прафсаюза радыёэлектроннай прамысловасці.

“Суддзі спаслаліся на тое, што раённы суд неаб’ектыўна і аднабакова разгледзеў справу Ільінскай. Дамова, якая была заключаная бестэрмінова, з 2004 года па 2011 год, не была пададзеная ў суд першаснай інстанцыі”, — распавядае юрыст незалежнага прафсаюза РЭП Алена Барысава.

Яна адзначае, што раней у Ільінскай адміністрацыя інтэрната будаўнічага трэста №12 забрала старую дамову і заключыла з ёй новую тэрмінам на адзін год, па заканчэнні якой яе вырашылі выселіць. Перад падпісаннем новай дамовы жанчыну запэўнівалі, што ніякіх негатыўных наступстваў для яе не будзе.

“Суддзі некалькі разоў прапаноўвалі разнастайныя варыянты вырашэння сітуацыі з Ільінскай. Першая прапанова заключалася ў тым, каб жанчына пражыла ў інтэрнаце паўгода, а за гэты час яна сама сабе падбірае іншае месца жыхарства і выязджае з інтэрната. Другая прапанова заключалася ў тым, каб трэст заключыў з жанчынай дамову на пражыванне тэрмінам на адзін год, аднак Ільінская адмовілася, бо з юрыстам прафсаюза РЭП яна будзе дабівацца таго, каб адмянілі тэрміновую дамову на пражыванне і аднавілі права на пражыванне ў інтэрнаце бестэрмінова”, — кажа Алена Барысава.

Ці выселяць канчаткова Ірыну Ільінскую з малалетнімі дзецьмі з інтэрната, вырашыць раённы суд у самы бліжэйшы час. У незалежным прафсаюзе кажуць, што збіраюцца дапамагаць жанчыне да канца.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі