Справа былога першага намесніка міністра сельскай гаспадаркі ўжо ў судзе

Генеральная пракуратура Беларусі накіравала ў Вярхоўны суд для вызначэння падсуднасці крымінальную справу ў адносінах былога першага намесніка міністра сельскай гаспадаркі Фёдара Лісіцы. Яму выставілі абвінавачанне ў перавышэнні службовых паўнамоцтваў і ў злоўжыванні імі. Расследаванне крымінальнай справы праводзілася ў цэнтральным апараце Следчага камітэта, інфармуе БелаПАН.

Як паведамляла Еўрарадыё, крымінальную справу ў адносінах Фёдара Лісіцы распачалі ў красавіку 2014-га. Тады ж Савет міністраў пазбавіў яго пасады першага намесніка міністра сельскай гаспадаркі. З фармулёўкай "невыкананне абмежаванняў, звязаных з дзяржаўнай службай".

Праверка высветліла, што Лісіца, выкарыстоўваючы службовыя паўнамоцтвы, арганізаваў за кошт сродкаў інавацыйнага фонду Міністэрства лясной гаспадаркі неправамернае выкананне рамонту ў прадастаўленай яму двухузроўневай службовай кватэры ў аграгарадку Ждановічы. Добраўпарадкаванне жылля агульнай плошчай 111 кв. м пацягнула незаконнае расходаванне бюджэтных грашовых сродкаў — амаль 300 млн рублёў.

Ён жа з траўня па верасень 2012 года жыў у нумары люкс ведамаснай гасцініцы без аплаты прадастаўленых паслуг. Акрамя таго, былі ўсталяваныя супрацьзаконныя дзеянні падазраванага, калі ён быў дырэктарам дзяржаўнай лесагаспадарчай установы "Старобінскі лясгас" Салігорскага раёна. У 2005 годзе Лісіца, злоўжываючы службовым становішчам, незаконна завалодаў зямлёй агульнай плошчай 0,95 га і пабудаваў катэдж. Участак знаходзіўся ў водаахоўнай зоне каля вёскі Ясковічы Салігорскага раёна і адносіўся да земляў дзяржаўнага ляснога фонду. Навакольнаму асяроддзю былі нанесеныя страты ў памеры звыш 1,1 млрд рублёў.

У 2008 годзе Фёдар Лісіца за кошт дзяржаўнай установы, якой кіраваў, пабудаваў для сябе службовае жыллё ў вёсцы Тычыны Салігорскага раёна агульнай плошчай 252 кв. м. Пазней гэты дом быў незаконна прыватызаваны і аформлены ў прыватную ўласнасць на ільготных умовах.

Былы чыноўнік знаходзіцца пад вартай.

Фота — Fotolia, БЕЛТА

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі