Спартыўны чыноўнік пра тое, чаму дзяржава не падпісвае кантракт з Гурковым

Спартыўны чыноўнік пра тое, чаму дзяржава не падпісвае кантракт з Гурковым

Першы намеснік Беларускай федэрацыі кікбоксінгу і тайландскага боксу Анатоль Сіманчык адрэагаваў на словы Заслужанага майстра спорту Віталя Гуркова. Днямі спартсмен паведаміў, што пасля перамогі на чэмпіянаце свету-2016 Мінспорту не звярнулася да яго з прапановай аб падпісанні новага кантракта. Не атрымлівае чэмпіён і прэзідэнцкай стыпендыі.

Ці спрыяла Федэрацыя, каб Мінспорту зноў заключыла кантракт з Віталём Гурковым?” — цікавімся ў спартыўнага функцыянера.

Анатоль Сіманчык: Справа ў тым, што сам Віталік не выказаў такога пажадання. Самі прыстроіць яго на працу мы не можам, таму што Федэрацыя — грамадскае аб’яднанне, своеасаблівы прафсаюз. Мы можам толькі скласці хадайніцтва. Ён не прыйшоў і не сказаў: “Паважаныя спадары кіраўнікі, пахадайнічайце, калі ласка, каб мяне ўзялі туды на працу. Плюс, ён не звярнуўся з адпаведнай заявай у Рэспубліканскі цэнтр алімпійскай падрыхтоўкі (структурнае падраздзяленне Мінспорта, якое падпісвае кантракты з тайбаксёрамі, — Еўрарадыё). Мы не павінны бегаць за спартсменам і казаць: “Давай мы цябе прыстроім”. Можа быць, у яго свае планы ёсць. Калі мы хацелі, каб Віталь паехаў на чэмпіянат свету, то знайшлі на яго грошы і даказалі Мінспорту, што гэтага чалавека трэба везці за кошт сродкаў дзяржавы. Гэта была наша ініцыятыва і, выбачайце мне, наша заслуга.

Спартыўны чыноўнік пра тое, чаму дзяржава не падпісвае кантракт з Гурковым
Анатоль Сіманчык (унізе злева) і галоўны трэнер зборнай Міхаіл Сцяпанаў слухаюць гімн Беларусі

Еўрарадыё: Нягледзячы на скандал, Гуркоў на чэмпіянат свету паехаў і перамог. Пры гэтым адолеў у фінале вельмі моцнага тайскага прафесіянала. Ці паведаміла Федэрацыя Гуркову пасля чэмпіянату, што існуюць магчымасці з яго новым працаўладкаваннем?

Анатоль Сіманчык: Паводле працоўнага кантракта, у спартсменаў, якія стаяць на стаўцы ў РЦАП, па дзве трэніроўкі на дзень. І ўсё гэта кантралюецца. Спартыўная зала — гэта працоўнае месца спартсмена. Як токар прыходзіць да станка, так і ён прыходзіць у спартыўную залу. Пра гэта не трэба забывацца. Ёсць Працоўны кодэкс, паводле якога чалавек, уступаючы ў афіцыйныя адносіны з наймальнікам, выконвае свае кантрактныя абавязкі. У іх у кантракце напісана: двухразовыя трэніроўкі. Калі мы гэта абмяркоўвалі, Віталь сказаў: “Вы ж разумееце, мне трэба ездзіць на гастролі”.

Еўрарадыё: З такім падыходам спрачаюцца многія заслужаныя спартсмены. Яны лічаць, што галоўнае — гэта вынік. А як і колькі ім трэніравацца — іх справа.

Анатоль Сіманчык: Пачакайце, ёсць закон, ёсць Працоўны кодэкс. Калі чалавек заключыў кантракт, ён павінен выконваць закон. Закон у Рэспубліцы Беларусь нікому не дазволена парушаць. Калі на чырвоны сігнал светлафора пайшоў заслужаны чалавек, яго ўсё роўна прыцягнуць да адказнасці. Тым больш, што тут вядзецца гутарка пра дзяржаўныя грошы.

Еўрарадыё: Перад чэмпіянатам свету-2016 Гуркоў трэніраваўся так, як хацеў. У тым ліку і ездзіў на гастролі. І ўсё адно стаў чэмпіёнам.

Анатоль Сіманчык: Я шчыра стаўлюся да Віталіка, але ёсць закон, які павінны выконваць усе. Токар таксама можа сказаць на заводзе: “Я прыду, за дзень здам 200 дэталяў, а заўтра пайду гуляць. Яму што, на заводзе гэта дазволяць?” Калі Гуркоў павінен быў знаходзіцца на працоўным месцы, ён быў за мяжой у месячным турнэ. А іншы чалавек прыходзіць да нас і кажа: “Пачакайце, а чаму мяне вы караеце, а Віталь Гуркоў, вунь, скача ў Лондане на сцэне і пры гэтым атрымлівае дзяржаўныя грошы?”.

Еўрарадыё: Дар’я Домрачава таксама старэйшы лейтэнант КДБ. Фармальна таксама павінна знаходзіцца на службе. Але кожны дзень туды не ходзіць.

Анатоль Сіманчык: Пачакайце, я не абмяркоўваю Дар'ю Домрачаву, я вам расказваю пра канкрэтны юрыдычны факт, з якім мы сутыкуліся. І вось цяпер, дзякуючы Віталю Гуркову, усе нашы школы атрымалі рэгулярныя праверкі. Ёсць закон, які ні вы, ні Сіманчык, ні Гуркоў, ні міністр не могуць адмяніць. Працоўны кодэкс зацверджаны парламентам і ўведзены ў дзеянне ўказам прэзідэнта. Няхай унясуць змены, я толькі абедзвюма рукамі за. Але сёння мы падпарадкоўваемся дзейнаму закону.

Еўрарадыё: Гуркоў сёння успрымае чыноўнікаў ад беларускага спорту ў штыкі. Ці будзе Федэрацыя прапаноўваць яму выступіць на чэмпіянаце свету-2017, які пройдзе ў Беларусі?

Анатоль Сіманчык: Мы не можам кожнаму такое прапаноўваць. Каб трапіць у зборную, трэба будзе перамагчы на чэмпіянаце Рэспублікі на пачатку сакавіка. Ёсць адпаведны рэгламент, абавязковыя для ўсіх правілы.

Падкрэслім, што з 3 па 12 траўня ў Мінску пройдзе чэмпіянат свету па муай-тай. Удзел у ім могуць узяць прадстаўнікі 128 краін. Мяркуючы па ўсім, у Беларусь прыедуць наймацнейшыя. Справа ў тым, што 6 снежня Міжнародны алімпійскі камітэт надаў тайландскаму боксу часовае прызнанне. Гэта першы крок да ўключэння віду спорту ў праграму Алімпіяд.

Сёлета Анатоль Сіманчык увайшоў у склад 22 членаў выканаўчага камітэту Міжнароднай федэрацыі муай-тай (IFMA). Адразу ж пасля гэтага чэмпіянат планеты вырашылі правесці ў Мінску.

Гуркоў пакуль не паведаміў, ці плануе ён браць удзел у чэмпіянаце Беларусі і адбірацца ў нацыянальную зборную.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі