Спачатку забаранілі звальняцца, а потым затрымліваюць заробак

Кітайцам з Добруша тры месяцы не плацілі заробкі. Тыя натоўпам пешшу пайшлі на Гомель. Грошы, хоць і не ўсе, кітайцам далі.

Пратэст кітайцаў у Беларусі: сотні рабочых прыйшлі з Добруша ў Гомель

Калона кітайцаў пайшла пешшу з Гомеля ў Мінск

На 1 чэрвеня ў Беларусі 95 тысяч чалавек не атрымалі заробак! Вось, Валожынскі ільнокамбінат. Бухгалтар Анастасія распавядае, што на прадпрыемстве — запазычанасць па заробках за травень. Але гэта нікога не бянтэжыць — такое на прадпрыемстве было і ў мінулым годзе, усе працуюць пяць дзён, ніхто пратэстаў не чыніць.

“Сітуацыя была патлумачаная. Адміністрацыя праводзіць працу з людзьмі, каб не было праблем”, — кажа бухгалтар Анастасія. Сярэдні заробак на Валожынскім ільнокамбінаце — 4,7 мільёна, не самы высокі, але і не самы нізкі ў горадзе.

На прадпрыемстве “Магілёўдрэў” таксама запазычанасць па заробках. Некалькі гадоў таму сюды прыязджаў Аляксандр Лукашэнка. Тады ён загадаў не звальняць людзей без ведама кіраўніцтва і зацвердзіў дэкрэт № 9 “Аб дадатковых мерах па развіцці дрэваапрацоўчай прамысловасці”.

“Май на ўвазе, яны не маюць права звальняцца без твайго ведама, а той, хто сыдзе, будзе працаваць на прымусовых працах”, — казаў Лукашэнка кіраўніцтву Магілёўдрэва. І адначасова наказаў, каб заробак на прадпрыемстве быў “па пяццот”.

“У нас запазычанасці няма. Мы пачалі выплачваць яшчэ на мінулым тыдні. Усяго 2 тыдні была затрымка”, — кажа галоўны бухгалтар прадпрыемства Галіна Думніч. Спачатку людзям выплацілі паўтары пражытковыя мінімумы — 2,3 мільёны. А потым рэшту. У сярэднім на прадпрыемстве — 4,6 мільёна. І гэта зусім не “па пяццот”.

Бабруйскі “Фандок”, тут запазычанасць ўжо за некалькі месяцаў — нядаўна выплацілі заробак за сакавік!

“На цяперашні час у нас 27 шматдзетных сямей, 54 сям’і, дзе працуюць удвох, 87 — маці-адзіночак. Своечасова гэтым катэгорыям аказваецца матэрыяльная дапамога”, — як па напісаным чытае старшыня афіцыйнага прафсаюзнага камітэта Алена Юшкевіч. Яна патлумачыла, што тым, хто асабліва абураецца, грошы выплачваюць праз фірмовую краму — нехта набывае ложак ці табурэтку, а грошы ідуць на заробак.

Адзін з цэхаў на прадпрыемстве стаіць, але людзей, па словах старшыні прафсаюза, размеркавалі на іншыя працоўныя месцы на фабрыцы, ніхто не скардзіцца. Не кітайцы!

Пра “ўсеагульны дзэн” кажа і бухгалтар прадпрыемства Наталля. Не скардзіцца і яна, хоць заробак не выплачваюць некалькі месяцаў і самому бухгалтару.

“Калі я пачну скардзіцца, хто тут застанецца?” — пытаецца бухгалтарка. Сярэдні заробак тут — 2,8−3,1 мільёна.

Для параўнання — на 1 студзеня 2015 года пратэрмінаванасць па заробках была ў 3 тысяч работнікаў. На 1 ліпеня — 95 тысяч чалавек, і на суму болей за 410 мільярдаў рублёў.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі