СМІ: Адзін з атручвальнікаў Скрыпалёў выявіўся палкоўнікам ГРУ Чапігам

СМІ: Адзін з атручвальнікаў Скрыпалёў выявіўся палкоўнікам ГРУ Чапігам

Расіянін Руслан Башыраў, якога падазраюць у замаху на былога супрацоўніка ГРУ Сяргея Скрыпаля і яго дачку Юлію, насамрэч мае іншае імя і прозвішча. Яго клічуць Анатоль Чапіга, і ён палкоўнік ГРУ, як сцвярджае сумеснае расследаванне выданняў Bellingcat і The Insider.  

Бі-Бі-Сі вывучыла некалькі расійскіх баз дадзеных, атрыманых з ананімных крыніц, і пераканалася ў праўдзівасці гэтага расследавання.

Паведамляецца, што 39-гадовы Анатоль Чапіга нарадзіўся ў сяле Мікалаеўка Амурскай вобласці. У 2001 годзе ён атрымаў чарговы пашпарт, выдадзены Далёкаўсходнім вайсковым інстытутам. Месцам жыхарства ў ім пазначаная вайсковая часць у Хабараўскам краі — там размяшчаўся атрад спецыяльнага прызначэння адной з брыгад ГРУ. Байцы гэтай брыгады прымалі актыўны ўдзел у першай і другой чачэнскіх войнах. 

Наступны пашпарт Чапіга атрымаў у 2003 годзе. 

На пачатку 2010-х гадоў мужчына афіцыйна перабраўся ў Маскву і прапісаўся ў інтэрнаце разам з жонкай і сынам.

У 2001 годзе Чапіга з адзнакай скончыў Далёкаўсходнюю вышэйшую агульнавайсковую камандную вучэльню. Дарэчы, на сайце акадэміі ён паказаны як ганаровы выпускнік. Там гаворыцца, што Чапіга тройчы быў у "камандзіроўцы ў Чачні", мае больш за 20 узнагарод і знакаў адрознення. А ў снежні 2014 года палкоўнік Чапіга быў адзначаны званнем Героя Расіі. 

Міністэрства абароны Расіі, у якое ўваходзіць Галоўнае ўпраўленне генштаба (былое ГРУ), раней адмаўляла, што Пятроў і Башыраў з ім звязаныя. Іх называлі бізнэсоўцамі, якія паехалі ў Брытанію з турыстычнымі мэтамі. 

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі