Следчыя раскрылі забойства мінчанкі, якую муж забіў "спантанна"

Следчыя раскрылі забойства мінчанкі, якую муж забіў "спантанна"

Упраўленне Следчага камітэта па Мінскай вобласці завяршыла расследаванне крымінальнай справы аб забойстве жанчыны, труп якой знайшлі 30 верасня 2016 года ў Вілейскім вадасховішчы.

Само забойства адбылося тры гады таму. Тады ў траўні 2013 года 39-гадовая мінчанка знікла без вестак. Яе цела знайшлі толькі ўвосень 2016-га. Па падазрэнні ў злачынстве быў затрыманы яе муж, якому цяпер ужо споўнілася 45 гадоў. Пад цяжарам доказаў мужчына прызнаўся ва ўчыненым злачынстве.

"Расследаваннем выяўлена, што рашэнне мужчыны пра забойства ў яго ўзнікла спантанна", — адзначае прэс-служба Следчага камітэта. На пачатку траўня 2013 года жанчына прыйшла ў гараж, які арандаваў абвінавачаны. Былыя муж і жонка пасварыліся, пасля чаго мужчына стукнуў жанчыну па галаве металічным прадметам, а потым задушыў вяроўкай.

Цела забітай ён паклаў у сумку і на аўтамабілі вывез у лес у Чэрвеньскім раёне. Праз месяц сумку з трупам ён перавёз на Вілейскае вадасховішча і ўтапіў.

Следства завяршыла збор доказаў. Праведзеныя допыты, праверкі паказанняў на месцы, экспертызы, у тым ліку судова-псіхіятрычная. Дарэчы, яна засведчыла, што падчас сваіх дзеянняў абвінавачаны мог цалкам усведамляць іх значэнне і кіраваць імі.

Мужчыну вінавацяць у забойстве. Яго крымінальная справа перададзеная ў пракуратуру для накіравання ў суд.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі