Сіноптыкі пра надвор’е: Такой цеплыні перад святамі не было 40 гадоў

“Ён гатовы. Але вы ж разумееце — плюсавая тэмпература, як жа яго зальеш?.. Тут трэба пэўныя ўмовы. Каб хоць некалькі дзён было -4 градусы”, — расказвае Дзмітрый Кручынін, спецыяліст арганізацыйна-масавага аддзела Упраўлення спорту і турызму Мінгарвыканкама.

Ён расказвае, што для адкрыцця катка на Кастрычніцкай і ў іншых раёнах горада ўсё падрыхтавалі прыкладна месяц таму, але планы сарвала рэзкае пацяпленне. Таму Дзмітрый раіць наведваць каток ля Палаца спорту.

Галоўны сіноптык Гідраметэацэнтра Людміла Парашчук таксама чакае снегу і марозу. Святы ж ужо вельмі хутка. Але прызнаецца, што парадаваць беларусаў ёй няма чым.

“Ой, усім хацелася б, каб на святы быў сапраўдны Новы год, сапраўдная радасць для дзяцей і, напэўна, для дарослых таксама. Каб мароз, снег. Але мы вас нічым парадаваць не зможам. Анамальнае цяпло захаваецца да самага канца снежня”.

Людміла дадае, што апошні раз настолькі цёпла перад святамі ў Беларусі было ажно 40 гадоў таму — у 1974 годзе. Тады маразы ў Мінск прыйшлі толькі пасярод зімы, а плюсавая тэмпература захоўвалася ўвесь снежань.

Сёлета на Новы год у некаторых раёнах Беларусі сіноптыкі абяцаюць нават 8 градусаў цяпла. Перадусім у Брэсце і Гомелі. У Мінску будзе халадней — каля двух. “Магчыма, крыху падмарозіць уначы, але снегу не чакайце”, — расчароўваюць сіноптыкі.

Хто ж ва ўсім вінаваты? Адказ вядомы. Людміла Парашчук расказвае, што сёлета ў небе над Украінай і поўднем Расіі ўтварыўся своеасаблівы паветраны затор. Паўднёвы цыклон сутыкнуўся з усходнім антыцыклонам. І акурат гэты нябесны затор не пускае ў Беларусь сапраўдную зіму — да нас працягвае паступаць цёплае паўднёвае паветра.

“Замест таго, каб паступаць з паўночных шырот, дзе ўсё на зімовы лад, паветра паступае да нас з поўдня. А там цёпла. Чаму так адбываецца? У атмасферы ўмацаваліся два маларухомыя ўтварэнні — цыклон над поўднем і антыцыклон над Расіяй, над Паволжам”.

Калі гэты корак “рассмокчацца” — не ведае ніхто. Доўгатэрміновых прагнозаў беларускія сіноптыкі рабіць не бяруцца. Таму цалкам верагодна, што пакатацца на каньках ля галоўнай беларускай ёлкі на Кастрычніцкай плошчы не атрымаецца яшчэ доўга. Але адсутнасць снегу псуе свята не ўсім. У рэзідэнцыі беларускага Дзеда Мароза, што ў Белавежскай пушчы, адсутнасці снегу не радуюцца, але і не бядуюць з гэтай прычыны. Гавораць, што на святочны настрой гасцей гэта не ўплывае, а сядзіба будзе працаваць пры любой тэмпературы.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі