Швецыя, ЗША, Англія — што шукаюць за мяжой лідары беларускай апазіцыі?

З 26 па 29 верасня старшыня Партыі БНФ Аляксей Янукевіч браў удзел у з’ездзе… Хрысціянска-дэмакратычнай партыі Швецыі. Чаму ён, а не прадстаўнік нашых хрысціянскіх дэмакратаў з БХД?

“Мы з’яўляемся назіральнікамі пры Еўрапейскай народнай партыі, і партыя шведскіх хрысціянскіх дэмакратаў таксама з’яўляецца чальцом ЕНП. Гэта — такія міжпартыйныя сувязі з усімі чальцамі ЕНП, і яны акурат з’яўляюцца нашай прэрагатывай”, — тлумачыць Еўрарадыё намеснік лідара партыі Ігар Лялькоў.

Яшчэ цягам апошняга месяца “бэнээфаўцы” былі ў гасцях ў польскага міністра замежных спраў Радаслава Сікорскага і ў літоўскіх калег з партыі “Саюз айчыны”. Гэта — таксама хрысціянскія дэмакраты…

              Беларускія палітыкі на сустрэчы з Радаславам Сікорскім

Што ж да таго, якая карысць простым беларусам ад такіх паездак, то суразмоўца Еўрарадыё выказаўся мудрагеліста:

Ігар Лялькоў: “Мы імкнёмся давесці да нашых замежных партнёраў той пункт гледжання, які адпавядае нашым уяўленням пра тое, як нашы замежныя партнёры павінны весці сябе адносна Беларусі ў тым жа Еўрапарламенце ці ў шведскім парламенце, дзе прадстаўленыя шведскія хрысціянскія дэмакраты”.

Карацей, з Мінска ў Смаргонь праз Оршу…

Багатым на замежныя вандроўкі выдаўся першы восеньскі месяц ў лідара Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоля Лябедзькі. 18-19 верасня ён “знаходзіўся з працоўнай паездкай у Вашынгтоне”. Там узяў удзел у канферэнцыі, прысвечанай Міжнароднаму дню дэмакратыі, сустрэўся з кангрэсменам Джонам Шымкусам, перадаў зварот АГП і БХД прэзідэнту ЗША Бараку Абаму, скіраваны супраць расійскай ваеннай базы ў Беларусі. А ўжо 30 верасня Лябедзьку заўважылі ў Манчэстэры, дзе ён бярэ ўдзел у з’едзе Кансерватыўнай партыі Вялікабрытаніі.

                  Анатоль Лябедзька і Джон Шымкус

Намеснік старшыні АГП Леў Марголін, які сам ў момант размовы з Еўрарадыё знаходзіцца ў Вільні на “непублічных сустрэчах з рознымі палітыкамі, якія туды прыехалі”, тлумачыць: яны ж напалову кансерватары, а напалову — лібералы. Лібералы ў пытаннях эканомікі і кансерватары ў пытаннях сямейных каштоўнасцяў, рэлігіі і культуры. Добра, а якая карысць “непартыйцам” ад гэтых вандровак і сустрэч? Яны падтрымліваюць моц знешняга ціску на беларускі рэжым, адказвае Марголін.

Леў Марголін: “Калі мы не будзем увесь час нагадваць пра ўласныя праблемы, пра іх проста забудуцца. І будуць думаць, што ёсць такая Беларусь, як некалі Албанія была, якая нікога не цікавіць і хай яны там варацца ва ўласным соку”.

Ну вось, што тут няяснага?! Такія простыя рэчы павінны быць зразумелыя кожнай даярцы ці слесару.

Лідар кампаніі “Гавары праўду” Уладзімір Някляеў магчымасць выязджаць за мяжу атрымаў крыху больш за месяц таму. З таго часу па “партыйнай лініі” ён быў толькі ў Польшчы — на ўзгаданай вышэй сустрэчы з міністрам замежных спраў Радаславам Сікорскім. Расказваў яму пра “Народны рэферэндум”, раскол у беларускай апазіцыі, абмяркоўвалі лістападаўскі саміт Усходняга партнёрства і візы для беларусаў. Менавіта ў апошнім бачыць Някляеў карысць ад сваёй сустрэчы з польскім міністрам.

Уладзімір Някляеў: “Што такое дармавая віза, магчымасць прыехаць у суседнюю краіну, амаль не выдаткуючы на паездку грошы — гэта тыя размовы, якія простыя людзі разумеюць, калі кажуць пра магчымасць паехаць за мяжу і набыць там таннейшыя прадукты ці нейкія рэчы. Вось, пра гэта я ў асноўным і гаварыў”.

Паводле слоў палітыка, у яго запланаваны яшчэ шэраг замежных візітаў. Спадзяемся, і там асноўнай тэмай размоў стане “магчымасць паехаць за мяжу і набыць там таннейшыя прадукты ці нейкія рэчы” беларусамі.

Дарэчы, апроч Янукевіча і Някляева, на той сустрэчы з Сікорскім былі старшыня БСДП “Грамада” Ірына Вештард і лідар руху “За свабоду” Аляксандр Мілінкевіч. Які праз непрацяглы час ізноў трапіў у Польшчу. Праўда, не да міністра, а да хірурга — у Вроцлаве палітыку зрабілі аперацыю на тазасцегнавым суставе.

Апазіцыянерамі называюць сябе і ліберал-дэмакраты Гайдукевіча. І, гледзячы на колькасць іх замежных паездак, гэта выглядае праўдай. Згодна са словамі намесніка лідара партыі Алега Гайдукевіча, цягам апошніх некалькіх месяцаў яны 6 разоў былі ў расійскай Дзярждуме, а партыйны лідар Сяргей Гайдукевіч “наведаў шэраг еўрапейскіх краін”. Планы ўсім астатнім апазіцыйным лідарам на зайздрасць!

Алег Гайдукевіч: “Будзе паездка: Аўстрыя, Германія, Італія. І завершым мы ў Францыі”.

У Францыі ЛДП сябруе з Нацыянальным фронтам, у Італіі — з партыяй “Трыкалор”, у Аўстрыі — з “Партыяй свабоды”. Але на пытанне, якая карысць ад гэтых вандровак шараговым беларусам, Алег Гайдукевіч шчыра прызнаецца: ніякай. Затое абяцае: гэтыя кантакты спатрэбяцца, калі нашы ліберал-дэмакраты стануць дэпутатамі парламента. Тады дзверы для беларускіх дэпутатаў ва ўсе еўраструктуры імгненна адчыняцца.

Фота: Змітра Лукашука, http://www.msz.gov.pl

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі