Шуневіч: Са сляпым у метро і з нудыстамі міліцыянеры паўнамоцтвы не перавысілі

Шуневіч: Са сляпым у метро і з нудыстамі міліцыянеры паўнамоцтвы не перавысілі

Адказваючы на пытанне Еўрарадыё, міністр унутраных спраў Ігар Шуневіч распавёў, што ў адносінах да супрацоўнікаў, якія затрымлівалі сляпога жабрака ў пераходзе метро, і нудыстаў на Мінскім моры, праведзеныя службовыя праверкі. Але праверкі не пацвердзілі, што праваахоўнікі перавысілі свае паўнамоцтвы ў тых інцыдэнтах.

Шуневіч: “Ніякай нормы заканадаўства супрацоўнікі не парушылі — гэта датычыцць абодвух выпадкаў. Ацэнка іх дзеянняў дадзеная і з пункту гледжання прафесіяналізму іх дзеянняў. Канешне, усё прайшло не без памылак. Хаця б з таго пункту гледжання, што супрацоўнік міліцыі акрамя фармальнага выканання сваіх абавязкаў па навядзенні грамадскага парадку, выконваючы літару закону, павінен яшчэ думаць пра дух закону. Вось, у дадзеным выпадку, па ацэнцы нашых экспертаў, супрацоўнікі не праявілі належнай міліцэйскай вынаходлівасці. Яны дзейнічалі з пункту гледжання літары закону, а ёсць дух закону, які кажа пра нейкія гуманныя рэчы. Гэта заўжды трэба ўлічваць, пра гэта мы гаворым і гэтаму вучым нашых супрацоўнікаў. А тут элементы непрафесіяналізму ў гэтай частцы ў іх прысутнічалі. За гэта яны падвергнутыя крытыцы, аналізу, навучанню і гэтак далей — усім тым дзеянням, якія прадугледжвае такая сітуацыя”.

Міністр асобна некалькі разоў падкрэсліў, што “супрацоўнікі закон не парушылі”.

Нагадаем, інцыдэнт у пераходзе метро адбыўся 18 верасня. Паводле афіцыйнай версіі, да міліцыянтаў паступіла скарга на жабрака, які прасіў міласціну. Мужчына аказаў супраціў. Многія пасажыры метро раз’юшыліся, калі ўбачылі, як на сляпога надзелі кайданкі і пацягнулі за ногі проста па падлозе. Інцыдэнт з аголенымі купальшчыкамі здарыўся 8 жніўня: людзі заступіліся на пляжы перад бацамі АМАП за жанчыну, якая загарала топлес.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі