Шуневіч паабяцаў праверыць інфармацыю аб нападзенні на журналістаў

Шуневіч паабяцаў праверыць інфармацыю аб нападзенні на журналістаў

21 чэрвеня ў Мінску і ў Лоеве адбыліся інцыдэнты з затрыманнем журналістаў незалежнага тэлеканала Белсат. У сталіцы карэспандэнты запісвалі інтэрв’ю са старшынёй прадпрымальніцкага аб’яднання “Перспектыва” Анатолем Шумчанкам на рынку “Лябяжы”, калі іх сталі затрымліваць. Аўтамабіль Шумчанкі заблакавалі на выездзе з рынка па загадзе дырэктара ўстановы Валерыя Зайцава. Міліцыянты хацелі адвезці яго разам з карэспандэнтамі ў РУУС, аднак абмежаваліся перапісваннем пашпартных дадзеных і адпусцілі.

Яшчэ адно затрыманне адбылося ў Лоеве, у Гомельскай вобласці. Здымачная група працавала над рэпартажам, калі да іх пад’ехала міліцыя і жорстка затрымала журналіста, які працаваў разам з Кастусём Жукоўскім. Журналісты сцвярджаюць, што ў пастарунку з імі абыходзіліся зняважліва. У тым ліку станавіліся нагой на галаву. Гэтую інфармацыю для Еўрарадыё пракаментаваў міністр унутраных спраў Ігар Шуневіч:

"Любая інфармацыя аб супрацьпраўных дзеяннях нашых супрацоўнікаў будзе правераная. У тым ліку і па гэтым выпадку. Мы ні адно такое паведамленне не пакідаем без увагі. У тым ліку дадзім ацэнку гэтым фактам. Наступалі на галаву  не наступалі... Ведаеце, на мой погляд не было ніякіх прычын супрацоўнікам органаў унутраных спраў так дзейнічаць. Я вельмі спадзяюся, што так яно і было", ― гаворыць міністр.

 

Тэлеканал Белсат зарэгістраваны ў Польшчы і не мае афіцыйнай акрэдытацыі ў МЗС Беларусі, нягледзячы на неаднаразовыя спробы яе атрымаць. Яго карэспандэнтаў рэгулярна затрымліваюць і караюць штрафамі.

 

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі