Штраф за курэнне: у Беларусі — 48 еўра, у Германіі — да 1000 еўра

Латвія пачала ўзмоцнена змагацца з тытунёвым дымам. З 2015 года ў гэтай краіне дзейнічае забарона курэння на балконах жылых дамоў. Толькі ў Рызе за апошні час ад жыхароў у паліцыю паступіла каля 30 заяваў аб парушэннях, піша латышскі партал DELFI.

У Мінску на балконах курыць не забаронена. Свабоднымі ад тытунёвага дыму ў жылых дамах з’яўляюцца толькі пад’езды. Нельга курыць прыблізна ў палове рэстаранаў і кавярняў сталіцы. А там, дзе дазволена, ёсць асобныя залы для тых, хто курыць, і тых, хто не, або спецыяльна адведзеныя месцы.

Зонамі, цалкам свабоднымі ад тытуню, у сталіцы ёсць парк імя Горкага, Батанічны сад, парк імя Чалюскінцаў, ветэранскай падворак па вуліцы Цікоцкага, Мінскі заапарк, плошча Незалежнасці, парк адпачынку “Дрымлэнд”, парк імя 60-годдзя Кастрычніка, Аляксандраўскі сквер, Лошыцкі парк, піянерскі сквер, тэрыторыя перад універмагам “Беларусь”, парк культуры і адпачынку імя 900-годдзя Мінска, тэрыторыя каля помніка “Беларусь Партызанская”.

Курэнне забароненае таксама на вакзалах, у аэрапортах, падземных пераходах, на прыпынках грамадскага транспарту, на станцыях метрапалітэна, а таксама ў будынках дзяржорганаў і многіх офісах. За парушэнне правіла прадугледжаны штраф у памеры 4 базавых велічынь.

Беларускае заканадаўства з гэтага пункту гледжання не самае катэгарычнае ў Еўропе. Так, найбольш жорстка абмяжоўваюць залежных ад тытуню ў Ірландыі, Швецыі, Вялікабрытаніі і Германіі. Там забаронена курыць у барах, на плошчах, у транспарце і грамадскіх установах, на працоўных месцах, а таксама на балконах. У гэтых краінах ужо не так проста знайсці месца, каб выкурыць цыгарэтку. Да таго ж штрафы за парушэнне гэтых правілаў немаленькія. У Вялікабрытаніі гэта 50 фунтаў, у Фінляндыі ён можа дасягаць 150 еўра, у Германіі — да 1000.

Цалкам курыць забаронена толькі ў адной краіне на зямлі — у Бутане. Там таксама забаронена вырошчваць і прадаваць тытунь. Новая Зеландыя збіраецца стаць цалкам свабоднай краінай ад тытуню ў 2025 годзе, Фінляндыя — у 2040.

Дарадца міністра аховы здароўя Фінляндыі Мэры Паавала расказвае Еўрарадыё, што спецыяльная праграма, якая павінная вызваліць жыхароў краіны ад тытунёвай залежнасці, працуе ўжо некалькі дзесяцігоддзяў. Рэклама тытуню была забароненая яшчэ ў 1977 годзе. Ад гэтага года нельга выстаўляць на вітрыны пачкі цыгарэт, якія тут, дарэчы, каштуюць у сярэднім 6 еўра. З наступнага года ў краіне забароняць продаж араматызаванага тытуню, у тым ліку ментолавых цыгарэт.

У Фінляндыі дзейнічае вялікая колькасць абмежаванняў для курцоў. Нельга дыміць на плошчах, у парках, у школах, у шэрагу грамадскіх месцаў. Але перадусім стаўка робіцца не на забароны, падкрэслівае дарадца міністра.

“Мы падтрымліваем людзей, якія хочуць кінуць курыць. І мы моцна абараняем маладых людзей ад таго, каб яны не пачыналі курыць. Гэта два галоўныя спосабы дасягнення гэтай мэты”.

У Фінляндыі не вырабляюць свае цыгарэты. Гэта спрыяе заканадаўцам, бо амаль ніхто не лабіруе інтарэсы тытунёвых кампаній.

Увесь гэты комплекс мер сапраўды працуе, дадае Мэры Паавала. У 2000 годзе ў Фінляндыі курыла 24% дарослага насельніцтва, цяпер толькі 16%. За 15 гадоў амаль удвая знізілася колькасць моладзі, якая курыць: з 26% да 14%.

Нагадаем, што ў Беларусі, паводле звестак Белстата, у 2013 годзе курыла 25,9% насельніцтва, старэйшага за 16 гадоў.

Фота: breathelhc.org, facebook.com

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі