Штогод 100-150 жанчын у Беларусі нараджаюць па-за радзільняй

Штогод 100-150 жанчын у Беларусі нараджаюць па-за радзільняй

Штогод 100-150 жанчын у Беларусі нараджаюць па-за медустановамі. Такую статыстыку прывяла 22 верасня на брыфінгу ў Мінску начальнік упраўлення арганізацыі меддапамогі Мінздароўя Алена Богдан.

Спецыяліст пры гэтым адзначыла, што пераважная большасць гэтых жанчын потым трапляе ў лякарні з-за ўскладненняў. Прадстаўніца Мінздароўя называе хатнія роды пагрозай здароўю жанчыны і дзіця. Па яе словах, летась не было жанчын, якія памерлі падчас родаў, а смерць немаўлятаў склала 3 на тысячу. “Аргумент, што “нашы бабулі нараджалі ў полі”, — няздатны”, — лічыць Алена Богдан. Яна кажа, што ў XIX стагоддз на тэрыторыі сучаснай Беларусі ў родах памірала прыкладна 120 жанчын і 300 немаўлят на тысячу.

Таксама спецыяліст адзначае, што аказанне акушэрскай дапамогі дома ў Беларусі па-за законам, бо ніводны медработнік у нашай краіне не мае ліцэнзіі на дапамогу ў хатніх родах. Бацькоўскія правы ў дачыненні дзяцей, народжаных не ў радзільні, вызначаюцца праз суд.

Са словаў Алены Богдан, дома нараджаюць прадстаўніцы розных сацыяльных слаёў, узроўню прыбытку і адукацыі. Некаторыя выбіраюць хатнія роды з-за больш спакойнай абстаноўкі, аднак спецыяліст адзначае, што шлях да гуманізацыі родаў — гэта партнёрскія роды: падтрымка з боку мужчыны важная для жанчыны і да таго ж яго прысутнасць дысцыплінуе медперсанал.

Апроч таго прадстаўніца Мінздароўя дадала, што ў большасці мінскіх радзільняў, а таксама ў буйных медыцынскіх цэнтрах пры родах вядзецца відэаназіранне і запіс захоўваецца цягам месяцу. Прагляд запісу з’яўляецца абавязковым для кіруючых работнікаў медустановы, перадае БелаПАН.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі