Штодня на мінскіх біржах працы рэгіструецца больш чым 70 беспрацоўных

У Беларусі распрацоўваецца ці то ўказ, ці то дэкрэт прэзідэнта, які прадугледжвае падатак на дармаедства. Арыентавана ён будзе прыняты ўжо ў гэтым месяцы. Сплачваць падатак на беспрацоўе, а гэта 20 базавых велічынь (3,6 мільёна), будзе той, хто нідзе не працуе больш за паўгода. Дарэчы, 3,6 мільёна — гэта 20 дапамог па беспрацоўі (цяпер яна складае 1 (максімум 2) базавую велічыню — 180 000 рублёў у месяц!)

“Чаму вы не на працы і як вы ставіцеся да дэкрэта аб дармаедстве?” — з такім пытаннем звярнулася Еўрарадыё да мінакоў на вуліцы ў дзесяць гадзінаў раніцы. Быццам бы ў гэты час усе павінны дайсці да працы.

“Мы працуем у агенцтве нерухомасці, у нас праца з 10.00 пачынаецца. Акурат на яе мы і спазняемся”, — дзвюх сябровак сустракаем ля метро “Кастрычніцкая”.

Мінчанка Алена на пытанне, чаму яна не на працоўным месцы, нават трохі крыўдзіцца.

“У мяне 12-гадзінная змена і чатыры перапынкі па 15 хвілін, і яшчэ перапынак на абед вось чаму я не на працы”, — тлумачыць яна. Дзяўчына дэкрэт падтрымлівае і лічыць несправядлівым той факт, што яна працуе і плаціць падаткі, а нехта не.

Сяргей працуе ў БДУ, яго сустракаем таксама на вуліцы быццам бы ў працоўны час. Дэкрэт аб дармаедстве хлопец падтрымлівае.

“На вуліцы шмат людзей, вось, да прыкладу, цяпер. Чаму яны не працуюць? Трэба, каб была адказнасць за тое, што не працуюць. Падтрымліваю дэкрэт цалкам. Я чаму не на працы? У мяне перапынак акурат”, — смяецца Сяргей.

Студэнтка Віка ідзе на вучобу, яна лічыць, што ў Беларусі вельмі шмат вакансій, і можна знайсці працу сабе па душы.

“Спачатку людзі нідзе не працуюць, а потым пойдуць патрабаваць пенсію. Вельмі патрэбны дэкрэт”.

Вольга прыехала ў Мінск з Мар’інай Горкі — плануе ў сталіцы апрануць дзяцей трошкі танней, чым дома. Ідэю з аплатай штрафу таксама падтрымлівае.

“Зразумела, трэба, каб плацілі, а чаму не? Я ў дэкрэце сама цяпер — маёй ляльцы 2,5 гады”, — кажа Вольга.

Цікава, што ўсе з апытаных мінчан недзе працуюць, проста спазняюцца ці маюць законны выходны. Еўрарадыё праводзіла такую апытанку два гады таму: тады статыстыка паказвала, што з 15 апытаных чацвёра былі беспрацоўнымі!

“Людзі займаюць чэргі з сямі ранку, ідуць і ідуць. Не ўяўляеце, што тут робіцца!” — кажуць Еўрарадыё ў міжраённым цэнтры занятасці Партызанскага і Ленінскага  раёна.

Тут штодзень рэгіструюць дзясяткі беспрацоўных, якія звяртаюцца па кансультацыю ці становяцца на біржу працы. Ажыятаж адзначаюць і ў іншых цэнтрах занятасці і звязваюць яго выключна з дэкрэтам аб дармаедах. Да прыкладу, у Віцебску за мінулы панядзелак было зарэгістравана на біржы працы 40 чалавек. Яшчэ столькі ж звярнулася па кансультацыю. У сталіцы паказчыкі трошкі большыя: штодзень на біржах працы рэгіструецца каля 73 беспрацоўных, а вось у мінулым годзе за дзень рэгістравалася каля 50 чалавек.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі