Што зменіцца паміж Беларуссю і ЕС пасля вызвалення палітвязняў?

Краіны Захаду хутка адрэагавалі на памілаванне шасцярых беларускіх палітвязняў, у тым ліку экс-кандыдата ў прэзідэнты Мікалая Статкевіча. Гэты крок прывіталі міністр замежных спраў Літвы Лінас Лінкявічус, сакратар Савета Еўропы Турб’ерн Ягланд. Станоўча адрэагаваў і Дзярждэпартамент ЗША.

Вярхоўны прадстаўнік ЕС па замежных справах і палітыцы бяспекі Федэрыка Магерыні і еўракамісар па пытаннях пашырэння і палітыцы суседства Ёханэс Хан таксама пазітыўна ацанілі гэты крок беларускіх уладаў.

У СМІ з’явілася інфармацыя, што 4-5 верасня на нефармальнай сустрэчы ў Люксембургу міністры замежных спраў ЕС “разгледзяць магчымасць спынення санкцый супраць Беларусі”. Пра гэта ў панядзелак ТАСС паведаміла крыніца ў інстытутах ЕС.

У Еўрапейскай камісіі адмовіліся каментаваць гэтую інфармацыю. А вось дэпутат Еўрапарламента ад Латвіі Андрэй Мамыкін перакананы, што пытанне зняцця санкцый з Беларусі будзе падымацца ў найбліжэйшы час:

“Санкцыі будуць здымацца. Я перакананы, што гэтае пытанне будзе на парадку дня Савета Еўрапейскага Саюза. Мяркую, што гэтай восенню, на найбліжэйшым вялікім пасяджэнні, дзе збіраюцца кіраўнікі дзяржаў, ці прынамсі на савеце па замежных справах”.

Але, адзначае еўрадэпутат, працэс гэты можа зацягнуцца надоўга. Ён прыводзіць у прыклад пагадненне па іранскай ядзернай праграме, якога дасягнулі ў ліпені, але, імаверна, толькі ў сакавіку будуць размарожаныя ўсе актывы за межамі краіны.

Эксперт ліберальнага клуба Яўген Прэйгерман кажа, што калі магчымасць спынення санкцый падчас пасяджэння Савета ЕС усё ж будзе разглядацца, гэта стане важным крокам, які мусіць вывесці стасункі паміж Беларуссю і ЕС у нармальнае рэчышча. І ўжо пасля гэтага могуць пачацца працэсы другога ўзроўню.

“Мы ж не маем палітычнага пагаднення паміж Беларуссю і Еўрасаюзам. І яго трэба, безумоўна, шукаць. І вось гэта ўжо будзе больш доўгі стратэгічны працэс. Калі тут у нас не адбудзецца іншых сюрпрызаў”, — кажа эксперт.

Эксперт Фінскага інстытута замежных спраў Аркадзь Мошас мяркуе, што пасля вызвалення палітвязняў палітычная дыскусія будзе працягвацца прыблізна ў такім рэчышчы:

Большасць еўрапейскіх бюракратаў і палітыкаў вельмі захоча выдаць тое, што адбываецца ў Беларусі, за гіганцкія ўнутрыпалітычныя зрухі. Але будуць і тыя, хто высуне контраргумент, паводле якога рэальнай лібералізацыі не адбываецца, а памілаванне палітвязняў акурат дэманструе адсутнасць верхавенства закона ў Беларусі.

На думку эксперта, у пытанні па вылучэнні крэдытаў нашай краіне заходнія крэдытадаўцы хутчэй за ўсё будуць чакаць вынікаў выбараў. Палітычнае рашэнне аб зняцці эканамічных санкцый зацягнецца. Але, мяркуе Аркадзь Мошас, можна чакаць зняцця санкцый з пэўнай колькасці асоб.

“У рашэнні пытання па вылучэнні крэдыту Еўрапейскі саюз будзе чакаць вынікаў выбараў і тэндэнцый, зрухаў, якія праявяцца пасля выбараў. Я б не разлічваў на хуткае атрыманне Беларуссю фінансавай дапамогі”, — кажа эксперт.

Ён мяркуе, што палітычная дыскусія працягнецца. Працягнецца і рух у бок нармалізацыі стасункаў паміж ЕС і Беларуссю, але адназначнай тэндэнцыяй у найбліжэйшай будучыні гэта не стане.

Фота: rufabula.com, novostimira.net

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі