Што трэба, каб расійскі нацыст Мільчакоў стаў неўязным у Беларусь?

Што трэба, каб расійскі нацыст Мільчакоў стаў неўязным у Беларусь?

Гісторыя з расійскім неанацыстам Аляксеем Мільчаковым атрымлівае нечаканы працяг: нават газета прэзідэнцкай адміністрацыі “СБ — Беларусь сегодня” публікуе матэрыял з перасцярогамі ад удзелу беларускіх дзяцей у “ваенна-патрыятычных лагерах”, ім арганізаваных.

Грамадзянін Расіі Мільчакоў, так званы “камандзір дыверсійна-штурмавой выведвальнай брыгады “Русіч”, стаў вядомы пасля з’яўлення на яго старонцы ў сацсетках жахлівых фота з Данбасу. На іх Мільчакоў пазіруе побач з целамі забітых украінскіх салдат, якім расійскі нацыст адразаў вушы, выразаў на іх тварах эмблему “Русіча” — 8-прамянёвую свастыку.

Як высветлілася, у самой Расіі жыхар Санкт-Пецярбургу стаў “знакамітасцю” яшчэ ў 2012 годзе, пасля таго як выклаў у інтэрнэт фота, дзе адразае галаву шчанюку і робіць з яго шашлык.

Для беларусаў стала шокам навіна, што беларускіх дзяцей пад кіраўніцтвам такога чалавека вучаць “патрыятызму” ў лагерах у Расіі. Павялічыла абурэнне людзей тое, што, па інфармацыі Радыё Свабода, у Мільчакова “вялікія планы на Беларусь”. Больш за тое, нацыст не хавае намеру наведаць нашу краіну.

Вось толькі перашкодзіць яму гэта зрабіць, а тым больш затрымаць расійскага нацыста айчынныя праваахоўныя органы не могуць. Чаму — Еўрарадыё тлумачыць міністр унутраных спраў Беларусі Ігар Шуневіч.

“Затрымаць яго мы можам толькі пры наяўнасці прававых падстаў. Такімі прававымі падставамі можа быць распачатая крымінальная справа, чалавек можа быць аб’яўлены ў вышук, у дачыненні да яго можа быць абраная мера стрымання. І даручана нам, праваахоўным органам Беларусі, ажыццявіць яго затрыманне. Калі такія абставіны будуць выяўленыя — канечне, будзем рэагаваць. Калі такіх абставін не будзе — будзем рэагаваць з пункту гледжання магчымых парушэнняў нашага ўнутранага заканадаўства”, — тлумачыць міністр.

Паводле Радыё Свабода, Мільчакоў прыехаў у Беларусь 30 траўня і нібыта ўжо на наступны дзень мусіў нашу краіну пакінуць. Да сёння інфармацыі пра тое, што расійскі нацыст меў сустрэчу з беларускімі праваахоўнікамі, адсутнічае. Гэта, памятаючы словы Ігара Шуневіча, нядзіўна, калі ў вышук Мільчакоў не аб’яўлены, крымінальнай справы на яго няма, а ў Беларусі ён законаў не парушаў.

Ці могуць беларускія ўлады проста зрабіць Мільчакова неўязным у Беларусь?

“Паводле заканадаўства можам, — адказвае Еўрарадыё начальнік Дэпартамента па грамадзянстве і міграцыі МУС Беларусі Аляксей Бягун. — Але толькі па выніках адпаведнай праверкі. У любым выпадку (пасля з’яўлення інфармацыі пра дзейнасць Мільчакова ва Украіне і яго заняткаў з беларускімі дзецьмі — Еўрарадыё) праваахоўныя органы будуць праводзіць праверку. І потым прымуць адпаведнае рашэнне — мэтазгоднае яго знаходжанне ў Беларусі ці не”.

І нагадвае, што ў нас “ставяцца вельмі жорстка да фактаў наёмніцтва і ўдзелу ў канфлікце як на адным, так і на другім баку”.

Еўрарадыё цікавіцца ў кіраўніка прэс-службы МУС Канстанціна Шалькевіча, ці праводзіцца адпаведная праверка ў дачыненні да Аляксея Мільчакова.

Канстанцін Шалькевіч: “Адпаведныя праверкі мы праводзім. Але я хачу падкрэсліць, што правяраецца і тая інфармацыя, што размяшчаецца ў інтэрнэце ў тым ліку”.

На пытанне, наколькі імаверна, што па выніках праверкі Мільчакову забароняць уезд у Беларусь, Шалькевіч адказвае, што пакуль рана казаць нават пра тое, што інфармацыя, размешчаная ў СМІ наконт Мільчакова, праўдзівая. “Не кажучы ўжо пра тое, каб пра нешта казаць, адказваючы на гэта ваша пытанне”, — кажа прадстаўнік МУС.

Спадзяванняў, што супраць Мільчакова будзе распачатая крымінальная справа ў Расіі, практычна няма. Дзіўна, але не распачалі супраць яго крымінальнай справы і не падалі Мільчакова ў вышук праваахоўныя органы Украіны. А калі зробяць гэта і папросяць беларускіх калег дапамагчы ў затрыманні расійскага грамадзяніна? Нічога не будзе — у нас няма з праваахоўнымі органамі Украіны адпаведнага пагаднення, расчароўвае Бягун.

Ёсць, праўда, адзін варыянт таго, як зрабіць расійскага нацыста неўязным у Беларусь. Паводле інфармацыі СМІ, Мільчакоў, у якога, як ужо вядома, “вялікія планы на Беларусь”, плануе правесці ў Мінску з’езд сепаратыстаў-баевікоў. Як на гэта адрэагуе беларуская міліцыя?

“Калі такія мерапрыемствы будуць несанкцыянавана праходзіць, парушаючы наша ўнутранае заканадаўства, то, безумоўна, органы ўнутраных спраў будуць рэагаваць”, — упэўнівае міністр унутраных спраў Ігар Шуневіч.

Праўда, сам Мільчакоў адмаўляецца, кажа, што нічога не арганізоўваць не плануе, а можа толькі паўдзельнічаць у якасці шараговага дэлегата. Але паводле беларускага заканадаўства, і ўдзел у несанкцыянаваным мерапрыемстве караецца. А ў выпадку з замежнікам гэта можа скончыцца штампам у пашпарт аб забароне на ўезд у Беларусь. 

Фота з сацыяльных сетак

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі