Што меў на ўвазе Лукашэнка, гаворачы пра кантроль над каналамі інфармацыі

Што меў на ўвазе Лукашэнка, гаворачы пра кантроль над каналамі інфармацыі

У Беларусі распрацоўваюць новы закон у сферы кантролю распаўсюджвання інфармацыі. Пра гэта Аляксандр Лукашэнка нечакана заявіў 21 красавіка, адказваючы на пытанні дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў.

"Мы хочам, каб інтэрнэт кантраляваўся нейкай міжнароднай арганізацыяй па пэўных правілах. Калі гэтага не будзе, то кожная краіна будзе абараняць свае нацыянальныя інтарэсы самастойна. Цяпер Ананіч (міністр інфармацыіЛілія Ананіч — Еўрарадыё) і іншыя займаюцца гэтым пытаннем. На стол мне павінныя быць пакладзеныя заканатворчыя ініцыятывы", — заявіў Лукашэнка.

Падчас сустрэчы ў Палаце прадстаўнікоў кіраўнік краіны паведаміў, што Беларусь выступае за стварэнне новага глабальнага механізму для рэгулявання інтэрнэту. Гэта можа быць нейкая міжнародная арганізацыя. Аднак, на думку Аляксандра Лукашэнкі, пакуль яе стварыць цяжка, таму варта больш шчыльна кантраляваць каналы распаўсюду інфармацыі унутры краіны.

Што б гэта магло значыць? Беларусь і так займае 167 месца ў рэйтынгу краін паводле свабоды СМІ. Медыяэксперт Паўлюк Быкоўскі мяркуе, што ўлады на сённяшні дзень ужо маюць кантроль над інтэрнэтам у краіне. Аднак іх магчымасці пакуль не дазваляюць рабіць гэта цалкам і пастаянна. Існуе спіс рэсурсаў, непажаданых для наведвання, да якіх закрыты доступ для беларускіх карыстальнікаў. Быкоўскі гаворыць, што, магчыма, хочуць стварыць спіс інфармацыйных сайтаў, доступ да якіх будзе блакавацца па ўсёй краіне.

Паўлюк Быкоўскі таксама дапускае, што ўлады могуць узяцца за юрыдычнае афармленне адказнасці за распаўсюд чутак і непраўдзівай інфармацыі:

"Магчыма, могуць узнікнуць пытанні, ці трэба змагацца з чуткамі і плёткамі, што было агучана пасля выбуху ў мінскім метро. Тады за распаўсюд непраўдзівай інфармацыі пагражалі адпаведна караць".

Юрыст і кіраўнік Беларускай асацыяцыі журналістаў Андрэй Бастунец гаворыць, што даручэнне распрацаваць новыя падыходы кантролю інфармацыйных каналаў цалкам адпавядае агульнаму курсу развіцця краіны:

"Усё больш жорсткасці ў дачыненні да самых розных кірункаў распаўсюду інфармацыі. Ад традыцыйных медыя да кнігараспаўсюду і выдавецтва. На жаль, у нас такі вектар", — гаворыць старшыня БАЖ.

БАЖ ужо складае зварот у Мінінфармацыі з просьбай патлумачыць, якія менавіта меры будуць у новым законе і калі ён з'явіцца на стале ў кіраўніка краіны. Пачакаем, даведаемся.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі