Што губляе Украіна, калі выходзіць з СНД?

Украіна спыняе старшынства ў СНД і збіраецца пакінуць садружнасць. Што губляе ці не губляе ў такім выпадку паўднёвы сусед Беларусі, разважае ўкраінскі эксперт Ігар Шальвякоў:

Хіба адзіны эканамічны аспект — зона вольнага гандлю СНД. Механізм, які быў рэалізаваны нядаўна, уключае шэраг магчымасцяў і шэраг праблем. У прыватнасці, для Украіны зона вольнага гандлю не давала рэальнай магчымасці для ўрэгулявання гандлёвых спрэчак. Фактычна, большасць пытанняў можна будзе ўрэгуляваць у фармаце двухбаковых дамоваў аб вольным гандлі”.

Ігар Шальвякоў спасылаецца на прыклад Грузіі, якая пакінула Садружнасць незалежных дзяржаў у 2008-м. Мераб Абдаладзэ з Інстытута Еўрапейскіх Даследаванняў (Тбілісі) кажа, што пакінуўшы СНД і згубіўшы такі вялікі рынак як расійскі, адназначна сутыкнешся з эканамічнымі складанасцямі. Але часам няма іншага выйсця.

Мераб Абдаладзэ: “Калі старшыня гэтага СНД акупіруе тваю тэрыторыю, проста насельніцтва не зразумее. Тое ж з Украінай, новае кіраўніцтва якой, напэўна, не хацела выходзіць, але калі адбываюцца такія падзеі, яна была вымушаная”.

Разам з тым, грузінскія вытворцы аказаліся ў пэўнай ступені падрыхтаванымі да складанасцяў на расійскім кірунку. Як кажа Мераб Абдаладзэ, экспарцёры пачалі напрацоўваць новыя рынкі яшчэ за некалькі гадоў да 2008-га, калі пачаліся першыя вострыя канфлікты паміж грузінскім і расійскім кіраўніцтвам. Улічваючы ж украінскую энергазалежнасць ад Расіі, давядзецца неяк дамаўляцца з Масквой. Але ўявіць сабе нейкія доўгаперспектыўныя паспяховыя праекты паміж краінамі ў такой палітычнай сітуацыі, суразмоўца Еўрарадыё не можа.

Ігар Шальвякоў пагаджаецца: інтэграцыя грузінскай эканомікі з краінамі СНД у свой час была значна меншая, чым украінскай цяпер. Але не толькі на эканоміку трэба глядзець, кажа ўкраінскі эксперт:

“Хаця ў межах СНД механізмы прыняцця рашэнняў даволі дэмакратычныя, мы бачым, што асабліва ніякіх рашэнняў СНД не прымае. Просьба Украіны аб скліканні нейкай канферэнцыі ў сувязі з крымскімі падзеямі фактычна была праігнараваная. Эфектыўнасць СНД у такім выпадку выклікае вельмі сур’ёзныя пытанні. Гэта больш не столькі палітычнае, як сімвалічнае аб’яднанне”.

А Мераб Абдаладзэ называе СНД, у якім дамінуе Расія і паводзіць сябе агрэсіўна ў дачыненні да суседзяў, прафанацыяй. Калі ж аб’яднанне толькі стваралася, “вялікі брат” і “малыя браты” мелі роўныя правы.

Мераб Абдаладзэ: “Цяпер гэта іншы СНД, тут ужо дамінуе Расія. І іншыя краіны-ўдзельнікі СНД баяцца яшчэ больш таго, што адбываецца ва Украіне. Яны разумеюць, што заўтра прыйдзе іх чарга. Паўсюль, ва ўсіх былых рэспубліках СССР існуе рускамоўнае насельніцтва. Калі Пуцін захоча іх “абараніць”, вядома толькі Богу”.

Нагадаем, што акрамя выхаду з СНД, пасля апошніх падзей Украіна заявіла і аб намерах увесці візавы рэжым з Расіяй.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі