Што гаварыў Лукашэнка перад усімі прэзідэнцкімі выбарамі

15 студзеня 2015 года на пазачарговай сесіі Палаты прадстаўнікоў Аляксандр Лукашэнка заяўляе, што блізкія прэзідэнцкія выбары пройдуць "выключна сумленна і адкрыта, на падставе Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь". Еўрарадыё вырашыла ўспомніць, што казаў кіраўнік Беларусі перад волевыяўленнем народа ў мінулыя гады.

Выбары 15 сакавіка 1994 года

(Кандыдаты — Аляксандр Лукашэнка, Аляксандр Дубко, Вячаслаў Кебіч, Васіль Новікаў, Зянон Пазняк, Станіслаў Шушкевіч).

Карыстаючыся дадзеным тэле- і радыёэфірам, сустракаючыся з выбаршчыкамі перад выбарамі, Аляксандр Лукашэнка вельмі часта кажа аб карупцыі і свабодзе слова:

Вы ведаеце, СМІ павінныя быць рознымі. Інфармацыя павінная быць рознай. Хай будзе і дзяржаўная, хай будзе і недзяржаўная. Але тое, што адбываецца сёння на дзяржаўным тэлебачанні... вы ж бачыце што адбываецца! Хлусня ідзе, суцэльная хлусня! Што гэта за дзікунства? Гэта ж пячорная палітыка дзяржавы! СМІ проста гвалтуюцца! Журналісты баяцца, яны ж таксама людзі!”

Перад другім турам выбараў прэзідэнта РБ Аляксандр Лукашэнка склікае прэс-канферэнцыю ў нацыянальным прэс-цэнтры і просіць дапамогі ў журналістаў. Будучы кіраўнік адміністрацыі прэзідэнта Леанід Сініцын зачытвае зварот да прэсы:

“Першы тур выбараў прэзідэнта Рэспублікі Беларусь паказаў, якая ўлада журналісцкага слова. Адначасова журналісты прадэманстравалі і сваю бездапаможнасць ва ўмовах абсалютнай дзяржаўнай манаполіі на інфармацыю. Ім навязваліся высновы, ацэнкі. Іх прымушалі прамаўляць у тэле- і радыёэфіры словы, якія не адпавядалі іх уласным грамадзянскім пазіцыям. Пасля 23 чэрвеня 1994 года абстаноўка кардынальна змянілася. Фактычна наш народ зрабіў выбар, прагаласаваўшы супраць галечы, хлусні і бяспраўя...”

Мы сёння просім вас толькі пра адно: набярыцеся мужнасці і дакажыце народу, што вы служыце яго інтарэсам, а не волі кіроўнай хеўры, якая штурхае народ у прорву. Пакажыце людзям, што вы здольныя аб'ектыўна адлюстроўваць падзеі, а не толькі баяцца за свой асабісты дабрабыт. Веру ў вашу мужнасць, прыстойнасць і пачуццё прафесійнай годнасці”.

Выбары 9 верасня 2001 года

(Кандыдаты — Аляксандр Лукашэнка, Сяргей Гайдукевіч, Уладзімір Ганчарык, Сямён Домаш — зняў сваю кандыдатуру на карысць Ганчарыка)

5 верасня 2001 года ў гутарцы з журналістамі пасля адкрыцця новай станцыі метро “Магілёўская” ў Мінску Лукашэнка адзначае: "Дзейнаму прэзідэнту з 65-працэнтным рэйтынгам не трэба фальсіфікаваць вынікі выбараў".

Прэзідэнт запэўнівае, што выбары пройдуць па законе. Кажучы пра магчымасць непрызнання вынікаў галасавання з боку назіральнікаў ад АБСЕ, Лукашэнка адразае: "Галоўнае, каб іх прызнаў беларускі народ".

Прэзідэнт Беларусі успамінае і дзейнасць кіраўніка кансультацыйна-назіральнай групы АБСЕ Ханса Георга Віка. Лукашэнка называе яго "правакатарам". А "правакатар знаходзіцца на тэрыторыі Беларусі не павінен". Ён абяцае выслаць з краіны Віка, аднак пасля выбараў. "Гэта не пагроза, я яго асабіста пра гэта папярэджваў". Прэзідэнт падкрэслівае, што прадстаўнік АБСЕ сам хоча справакаваць улады краіны на такі крок, каб "стварыць прэцэдэнт міжнароднага скандалу".

Выбары 19 сакавіка 2006 года

(Кандыдаты — Аляксандр Лукашэнка, Сяргей Гайдукевіч, Аляксандр Казулін, Аляксандр Мілінкевіч)

За месяц да выбараў Аляксандр Лукашэнка знаходзіцца ў рабочай паездцы ў Магілёўскай вобласці, дзе падкрэслівае, што для цяперашняга кіраўніцтва краіны “няма неабходнасці выкарыстоўваць недэмакратычныя крокі, адміністрацыйны рэсурс, таму што гэта сабе на шкоду”. Сацыялагічныя даследаванні маіх сапернікаў пацвярджаюць, што рэйтынг у дзейнага Прэзідэнта большы за 60%. А апазіцыі сёння ў цэлым могуць аддаць галасы максімум 5-7%. Скажыце, пры такой сітуацыі навошта Лукашэнку фальсіфікаваць выбары, калі ад колькасці тых, хто прыйшоў на выбары, ён можа атрымаць 76-78%? Хто на маім месцы пойдзе на тое, каб сфальсіфікаваць выбары, каб потым яго папракалі? Мне гэта абсалютна не трэба”.

Падчас дакладу Аляксандра Лукашэнкі на трэцім Усебеларускім народным сходзе гучыць папярэджанне аб магчымай фальсіфікацыі вынікаў выбараў з боку апазіцыі.

“Нядаўна Камітэт дзяржбяспекі, Служба бяспекі выкрылі 72 арганізацыі — цэлую сістэму ў нашай краіне. Сотні мільёнаў даляраў, мабільныя тэлефоны, камп’ютары, нарыхтаваныя пратаколы фальсіфікацыі выбараў. 19-га чысла яны выйдуць з гэтымі пратаколамі, якія сёння ўжо падрыхтаваныя, абвесцяць пераможцам каго-небудзь з гэтых "адмарозкаў" і скажуць: “Фальсіфікавала ўлада выбары. Пасля выбараў мы скажам больш, мы проста не хочам пра гэта казаць цяпер, каб народ не сказаў, што мы іх баімся”.

Тэма працягваецца і ў заключным слове прэзідэнта на трэцім Усебеларускім народным сходзе:

Я вельмі добра ведаю гэтую апазіцыю! Яшчэ раз падкрэсліваю: яны нічога не вартыя. Яны ўчора выйшлі на маіх людзей, пасля таго як ім мазгі прачысцілі, калі яны правакацыю хацелі зладзіць, і кажуць: "Не, я ўжо больш туды не пайду, пасадзяць, не-не, ужо ўсё, я ўжо на з'езд адзін раз схадзіў". Але што прапануе (шчырая праўда, гэта дакументы) сёння ноччу? "Калі вы мне даяце 32 працэнты галасоў, а Мілінкевічу — 5-6 і пасаду Прэм'ер-міністра, я пасля выбараў заяўлю, што Лукашэнка перамог". Я кажу: "Ганіце гэтага падонка, каб яму ў межах Беларусі месца не было".

Выбары 19 снежня 2010 года

(Кандыдаты — Аляксандр Лукашэнка, Рыгор Кастусёў, Аляксей Міхалевіч, Уладзімір Някляеў, Яраслаў Раманчук, Віталь Рымашэўскі, Андрэй Саннікаў, Мікалай Статкевіч, Віктар Цярэшчанка, Дзмітрый Ус)

Прамаўляючы заключнае слова прэзідэнта на чацвёртым Усебеларускім народным сходзе, Лукашэнка пераканаўча просіць насельніцтва не расслабляцца:

Бо нескладана прыйсці кожнаму з нас на выбары. Няхай гэта будзе 19-га ці 18-га — датэрмінова. Ну, кажуць: не трэба датэрмінова. А мы вас і не штурхаем да гэтага. Галоўнае — каб вы прыйшлі на выбары і сказалі сваё слова. Я прашу толькі, каб вы абаранілі сваю краіну. Гэта галоўная мая функцыя. Але без вас я абсалютна нямоглы. Не было б вашай падтрымкі, не было б мяне. Я гэта памятаю, я гэта ведаю, і таму галоўнае ў маёй палітыцы — гэта вы. Таму не расслабляйцеся!”

Падчас прэс-канферэнцыі 16 снежня Аляксандр Лукашэнка актыўна каментуе блізкія выбары:

Мы адкрыліся далей няма куды, вы ж бачыце, што адбываецца. Але трэба разумець, што ўсё ж такі выбары праводзім мы, наша краіна, у нас ёсць свой народ і мы не можам дазволіць камусьці прыйсці, закасаўшы рукавы, арудаваць на нашых участках — няхай гэта будуць дэлегаты з Германіі, Францыі, ПАСЕ, АБСЕ. Гэта наша суверэннае права. Мы гаспадары на гэтай зямлі і мы будзем праводзіць такія мерапрыемствы”. Ён таксама дадаў: “Гэты Рубікон ужо не павінныя перайсці назіральнікі: ні ўнутраныя, ні знешнія. Яны павінныя разумець, што беларусы самі паводле сваіх законаў і Канстытуцыі будуць праводзіць гэтыя выбары. А баяцца нам няма чаго”.

"Гаспадар на выбарчым участку адзін — старшыня камісіі. Як ён вырашыць — так і будзе. Ніхто не мае права прыйсці і паказаць, як рабіць. Ёсць закон, і па гэтым законе старшыня і члены ўчастковай камісіі павінныя дзейнічаць”.

"Хачу, каб старшыні камісій пачулі і нікому не дазвалялі прыходзіць фатаграфаваць, апячатваць, падпісваць, распісваць і гэтак далей. Усе выдатна разумеюць галоўнае, але ў той жа час пачынаюць там усталёўваць свае правы і законы. Гэтага не павінна быць", — сказаў прэзідэнт.

І нарэшце выбары 2015 года

(Дакладная дата і кандыдаты яшчэ не вызначаныя)

15 студзеня Аляксандр Лукашэнка выступае на пазачарговай сесіі Палаты прадстаўнікоў. У сваёй прамове ён успамінае блізкія прэзідэнцкія выбары. Паводле яго слоў, яны пройдуць "выключна сумленна і адкрыта, на падставе Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь".

Лукашэнка абяцае, што будзе выкананая як працэдура правядзення выбараў, так і іх тэрміны. Ён параіў не вылічваць "нейкія там рэйтынгі". Кіраўнік Беларусі ўпэўнены, што беларускі народ "падтрымае дзейныя ўлады... у любым выпадку, нават у самыя цяжкія часы". Праўда, Лукашэнка падкрэслівае, што "цяжкіх часоў" ён не дапусціць.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі