Што для Беларусі зменіць саміт Усходняга партнёрства ў Рызе

Што такое саміт Усходняга партнёрства

Гэта вялікі сход кіраўнікоў краін-удзельніц праграмы Усходняга партнёрства і высокіх еўрапейскіх чыноўнікаў. Першы такі саміт прайшоў 7 траўня 2009 года ў Празе — там прынялі сумесную дэкларацыю па праграме УП і афіцыйна яе зацвердзілі. То бок можна сказаць, што Усходняе партнёрства пачалося менавіта ў Празе. Потым былі саміты ў Варшаве, Бруселі і Вільні. Пры гэтым Беларусь, у адрозненне ад іншых удзельнікаў, ніколі не была прадстаўленая кіраўніком краіны — замест Лукашэнкі краіну прадстаўляла кіраўніцтва МЗС.

Што там адбываецца.

Самыя розныя рэчы. Напрыклад, на саміце ў Брусэлі ў 2012 годзе абмяркоўвалі Беларусь. Дакладней — сітуацыю з правамі чалавека ў нашай краіне. Прызналі, што яна магла б быць і лепшай. На мінулым саміце ў Вільні збіраліся падпісаць дамову аб асацыяцыі паміж ЕС і Украінай, Грузіяй ды Малдовай. З Украінай, як усе ведаюць, атрымалася не вельмі, таму потым быў Майдан, Крым, вайна на Данбасе.

Што можа адбыцца на саміце ў Рызе.

У прынцыпе, нічога сур’ёзнага. “Чакаць асабліва нам няма чаго. Акрамя, магчыма, падпісання некаторых дакументаў аб спрашчэнні візавага рэжыму. І то, яно можа адбыцца праз нейкі час пасля саміта”, — папярэджвае палітолаг Андрэй Ягораў. Прычым, гаворка нават не пра зніжэнне коштаў на візы для беларусаў, а пра спрашчэнне працэдуры для дыпламатычных работнікаў і іншых віпаў. То бок звычайныя грамадзяне нічога не заўважаць, акрамя кідкіх загалоўкаў у СМІ.

Хто паедзе ад Беларусі.

Тут крыху інтрыгі ўсё ж ёсць. Саміт УП — самае тое месца для геапалітычнага піару. У кулуарах заходніх міністэрстваў з пачатку вясны ходзяць чуткі, што запросяць самога Лукашэнку. Маўляў, нават на тое, што ён дагэтуль невыязны, могуць прымружыць вочы. У беларускім МЗС імя пасланніка не назвалі, спаслаўшыся на заўчаснасць: “Пакуль гэтая інфармацыя не раскрываецца. Імя прадстаўніка Беларусі на рыжскім саміце стане вядомым адразу, як у гэтым будзе патрэба”.

Эксперт Юрый Шаўцоў мяркуе, што запрашэнне і прыезд Лукашэнкі ў Рыгу мог бы стаць яшчэ адным сігналам для Захаду — глядзіце, мы насамрэч нейтральныя і самастойныя. Разам з тым Шаўцоў кажа, што на самітах Усходняга партнёрства не прымаюцца насамрэч сур’ёзныя рашэнні, таму “вялікага практычнага значэння прыезд кіраўніка краіны ў Рыгу мець не будзе”. А Андрэй Ягораў увогуле лічыць, што пра такую верагоднасць можна забыцца: “Лукашэнка ў спісах неўяздных. Каб яго адтуль выключыць, неабходнае рашэнне ўсіх краін ЕС. Гэтага не назіралася”.

Чаму Усходняе партнёрства і яго саміты так злуюць Расію?

Бо Расію туды не паклікалі, а краіны-удзельніцы — Грузія, Арменія, Азербайджан, Малдова, Украіна, Беларусь здаўна ўспрымаюцца Крамлём як ўласная сфера ўплыву. У дадатак адным з ідэолагаў УП быў міністр замежных спраў Польшчы Радаслаў Сікорскі, а больш заклятых ворагаў на геапалітычным полі Еўропы для Масквы і быць не можа. На практыцы бачым, што апасенні Крамля зусім небеспадстаўныя — Украіну ў якасці саюзніка Масква згубіла калі не назаўсёды, то вельмі надоўга.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі