Што дэпутаты прапанавалі Лукашэнку выправіць у дэкрэце №3

Што дэпутаты прапанавалі Лукашэнку выправіць у дэкрэце №3

Як стала вядома Еўрарадыё, дэпутаты Палаты прадстаўнікоў перадалі прапановы па ўдасканаленні дэкрэта №3 у Адміністрацыю прэзідэнта. Што менавіта плануецца змяніць? "Большая частка паправак звязаная з тэрміналогіяй. Мы мусім дакладна вызначыць, каго лічым асобамі, якія не ўдзельнічаюць у фінансаванні дзяржвыдаткаў", — распавядае Валерый Барадзеня, сябра камісіі па бюджэце і фінансах Палаты прадстаўнікоў.

Першая прапанова тычыцца ўласнікаў зямлі, якія жывуць са сваёй гаспадаркі.

"Было шмат пытанняў па зямлі, бо вызвалялі толькі тых, у каго напісана, што зямлю давалі для вядзення прыватнай падсобнай гаспадаркі. Але такое мэтавае прызначэнне ўказанае не заўсёды. А чалавек на сваіх 25 сотках можа і дом пабудаваць, і капусту вырошчваць. Вось гэтую прапанову мы далі", — дадаў дэпутат.

Другая прапанова — наконт медыцынскіх паказанняў для вызвалення ад уплаты збору.

"Сур'ёзныя праблемы ўзнікалі з законам "Аб медыцынскай таямніцы". Ён выконваецца. І многа людзей з псіхічнымі захворваннямі, накшталт шызафрэніі, трапілі ў лік сацыяльных утрыманцаў. Псіханеўралагічныя дыспансеры не даюць інфармацыю пра стан здароўя дзяржаўным органам. Толькі па запыце суда, пракуратуры, словам, сілавікоў. І гэтага доступу не будзе. Трэба знайсці механізм працы з такімі людзьмі", — кажа Валерый Барадзеня.

Прапануецца зменшыць абавязкі па фінансаванні дзяржвыдаткаў для жанчын, якія займаюцца сям'ёй. Але цалкам яны з-пад дзеяння дэкрэта вызваленыя не будуць:

Што дэпутаты прапанавалі Лукашэнку выправіць у дэкрэце №3

"Думаю, ніводная мама не можа лічыцца дармаедам, ды і слова такога там няма, — працягвае дэпутат. — І тут адна частка пытання — ступень удзелу ў фінансаванні дзяржвыдаткаў, і другая — сацыяльныя гарантыі для жанчыны, якая не працуе і займаецца сям'ёй. Уявім цяжкую сітуацыю, калі муж памёр, ці менш цяжкую, калі ён сышоў да іншай жанчыны. У кінутай жонкі ні працоўнага стажу няма, ні правоў, бо нават калі была шлюбная дамова, і маёмасць падзеленая, дык прыбытку, які раней забяспечваў муж, больш няма! Такія жанчыны мусяць мець сацыяльныя гарантыі. Бо пакуль усё добра, нікому ніякай справы да гэтага няма. А пасля — бах! — дрэнна. А ні пенсіі, нічога гэтай жанчыне не будзе. Тут дзяржава, я думаю, можа свой нос сунуць і ўсё ж такі стварыць механізмы, каб жанчына, якая застаецца дома і гадуе дзяцей (ці мужа ўлагоджвае, гэта яе справа), мела права на ўсе сацыяльныя льготы".

Асобны блок прапановаў звязаны з уладкаваннем на работу людзей з абмежаванай працаздольнасцю (гэта, напрыклад, эпілептыкі) і слабай канкурэнтназдольнасцю на рынку працы. Гэта, напрыклад, былыя вязні ці людзі, звольненыя "па артыкуле" за нейкія парушэнні.

"Ім вельмі складана знайсці месца работы, асабліва цяпер, калі эканамічная сітуацыя не самая лепшая. Таму ім трэба дапамагаць і даваць нейкія працоўныя месцы, — працягвае Валерый Барадзеня. — Людзей, хворых на эпілепсію, папросту не хочуць браць на работу, хаця, хвароба праяўляецца, можа, раз на год ці паўтара. Інвалідамі гэтыя людзі не з'яўляюцца. Але як толькі распавядаюць пра эпілепсію, ім адразу адмаўляюць".

Нарэшце, дэпутаты прапануюць разабрацца з тымі беларусамі, якія працавалі і працуюць у Расіі.

Валерый Барадзеня: "Ёсць пытанні па больш інтэнсіўным абмене інфармацыяй з Расійскай Федэрацыяй. Калі дэкрэт рыхтаваўся, шмат людзей працавала ў Расіі, а калі расійскі рубель дэвальваваўся, яны вярнуліся ў Беларусь. І не заўжды знайшлі працу, і не заўжды працуюць легальна. Калі мы з Расіяй у адзінай эканамічнай прасторы, беларусы, якія працуюць там, не могуць лічыцца сацыяльнымі ўтрыманцамі. Але механізм пад пытаннем. Асабліва калі ўлічыць нежаданне ісці на адзіную з Беларуссю палітыку па энерганосьбітах. Тады мы вымушаныя будзем "дзяліць" і гэтых працаўнікоў. Ці Расія бярэ на сябе клопат пра іх у сацыяльным плане, ці яшчэ неяк разбіраемся".

Калега Валерыя Барадзені, дэпутат Ігар Марзалюк, выступаючы на акцыі "недармаедаў" у Магілёве, сказаў, што дэкрэт №3 можа быць папраўлены цягам бліжэйшых 10 дзён — да 25 сакавіка, калі ў Мінску запланаваны наступны "Марш недармаедаў".

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі